Трох жыхароў Беларусі злавілі на "алмазным" махлярстве. Відэа
Махляры называліся былымі супрацоўнікамі консульства Беларусі ў Намібіі.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на арганізаваную групу, якая абяцала патэнцыйным пакупнікам намібійскія алмазы.
Групу стварыў 51-гадовы жыхар Гродзеншчыны. Зламыснікі казалі, што раней працавалі ў беларускім консульстве ў Намібіі і маюць сувязі з асобамі, якія займаюцца здабычай і продажам алмазаў у гэтай дзяржаве. "Кліентам" яны абяцалі танныя пастаўкі дыямантаў з Афрыкі. Як распавяла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, найменшая сума ўгоды складала 80 тысяч долараў:
Ганчарова: "У некаторых выпадках махляры нават вазілі патэнцыйных кліентаў у Рэспубліку Намібія, каб цалкам пераканаць іх у тым, што ўгода адбудзецца. А потым не вярталі ні грошай, ні абяцанага тавару".
Паведамляецца, што група, каб адвесці ад сябе падазрэнні, абвінавачвала сваіх "кліентаў" у парушэнні тых ці іншых дамоўленасцяў. На падставе гэтага яны не вярталі грошы. Такая схема дапамагала групе дзейнічаць з 2011 па 2014 гады.
Цяпер следства затрымала трох чалавек — арганізатара і двух яго саўдзельнікаў. Іх узялі пад варту. Зламыснікаў вінавацяць у махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры.
Фота — sk.gov.by