Трое віцяблян выкралі бізнэсоўца
Яны патрабавалі, каб той плаціў ім штомесяц даніну.
Следчы камітэт у Віцебску пачаў крымінальную справу на трох мужчын, якіх падазраюць у выкраданні чалавека.
Як паведамляе прэс-служба СК, мужчыны дамовіліся выкрасці 20-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, каб запатрабаваць ад яго штомесяц плаціць 1000 долараў.
Напрыканцы студзеня мужчыны падпільнавалі юнака ў пад'ездзе яго дома, начапілі на яго кайданкі і вывезлі ў лес. Там нападнікі прывязалі хлопца да аўтамабіля і запатрабавалі штомесяц плаціць ім. Іначай яны пагражалі катаваннямі і фізічнай расправай.
Хлопец пагадзіўся выплочваць нападнікам даніну. Але атрымаўшы свабоду, звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі падазраваных.
На іх пачалі крымінальную справу за выкраданне чалавека, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове.
Праваахоўнікі правялі допыты, ператрусы і вочныя стаўкі. Падазраваныя даюць паказанні. Расследаванне працягваецца.
Фота — guard-live.ru