Трамп і Пуцін размаўлялі тры гадзіны, але так і не дамовіліся пра спыненне вайны

Трамп і Пуцін размаўлялі тры гадзіны, але так і не дамовіліся пра спыненне вайны
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп завяршылі сустрэчу ў Анкарыджы на Алясцы.
Яны размаўлялі амаль тры гадзіны ў прысутнасці кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў і сваіх памочнікаў.
Пасля сустрэчы Пуцін і Трамп правялі сумесны брыфінг, але адмовіліся адказваць на пытанні журналістаў. Назіральнікі адзначаюць, што запланаваны рабочы сняданак паміж дэлегацыямі быў адменены. Перамовы скончыліся раней, чым чакалася.
Прэзідэнт ЗША назваў перамовы плённымі і адзначыў, што яшчэ застаецца шанец дасягнуць мірнага ўрэгулявання. Пры гэтым здзелка сёння заключана не была.
"Мы дамовіліся па многіх, вельмі многіх пытаннях. Па пары важных момантаў мы яшчэ не зусім дамовіліся, але дасягнулі пэўнага прагрэсу. Таму здзелкі няма, пакуль няма здзелкі", — сказаў Трамп.
У канцы сустрэчы Пуцін на англійскай мове прапанаваў правесці наступную сустрэчу ў Маскве.
Трамп назваў гэта магчымым, хоць і дапусціў, што яго за гэта будуць крытыкаваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.