Трамп абурыўся публікацыямі, што ядзерная праграма Ірана не знішчаная

Дональд Трамп / Bloomberg/Getty Images
Амерыканскія ўдары па Іране не знішчылі яго ядзерную праграму а толькі затрымалі на некалькі месяцаў. Пра гэта паведамілі амерыканскія СМІ са спасылкай на даныя разведкі ЗША.
Крыніца тэлекампаніі CBS таксама пацвердзіла гэтыя звесткі. Паводле яе звестак, удары цалкам не знішчылі ядзерныя аб'екты. Напрыклад, на базе ў Форда разбурылі ўваходы, але інфраструктура па ўзбагачэнні ўрану, размешчаная пад зямлёй, засталася ў асноўным некранутай.
Белы дом заявіў, што гэтыя звесткі паходзяць з няправільнай першапачатковай ацэнкі шкоды. Яны, маўляў, накіраваныя на дыскрэдытацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
"Гэтая меркаваная "ацэнка" цалкам няправільная і была класіфікавана як "цалкам сакрэтная", але ўсё роўна перададзена CNN ананімным няўдачнікам нізкага рангу ў разведвальнай супольнасці", — прыводзіць Бі-Бі-Сі словы прэс-сакратара Белага дома Кэралайн Лівіт.
Сам Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social раскрытыкаваў тэлекампанію CNN і газету New York Times і назваў іх публікацыі фэйкавымі. Ён заявіў, што гэтыя СМІ "аб'ядналіся ў спробе зняважыць адну з самых паспяховых вайсковых атак у гісторыі".
Дарэчы, пасля спынення агню і Ізраіль, і Іран заявілі пра сваю перамогу ў вайне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.