"Тарпеда‑БелАЗ" і "Нёман" выйшлі ў другі раўнд кваліфікацыі Лігі канферэнцый

Жодзінскі клуб не прапусціў ніводнага мяча ў першым раўндзе. А вось брэсцкае "Дынама" пакідае турнір / "Торпедо-БелАЗ"
17 ліпеня тры беларускія клубы правялі матчы ў адказ першага раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцый. Жодзінскае "Тарпеда‑БелАЗ" без асаблівых праблем перамагло "Работнічкаў" — 1:0 — і прайшло ў другі раунд. Агульны лік па суме двух сустрэч — 4:0 на карысць беларускага клуба. Далей у "аўтазаводцаў" у суперніках ізраільскі "Маккабі" з Хайфы.
"Нёман" таксама не адчуў сур’ёзных праблем у матчы супраць армянскага "Урарту", перамогшы саперніка з лікам 4:0. Галы на свой рахунак запісалі Павел Савіцкі, Ягор Зубовіч, Антон Пушнякоў і Максім Краўцоў. Па суме дзвюх гульняў лік 6:1. Гродзенцы ў наступным раўндзе згуляюць са славацкай "Кошыцай".
Трэці беларускі прадстаўнік у Лізе канферэнцый — брэсцкае "Дынама" — саступіў "Суцьескі" з лікам 0:2 і пакідае Еўропу. Выніковы лік двухматчавага супрацьстаяння — 2:3.
Таксама нагадаем, што 16 ліпеня мінскае "Дынама" вылецела з Лігі чэмпіёнаў, па суме двух матчаў саступіўшы "Лудагорцу". Дынамаўцы будуць прадстаўляць Беларусь у другім раўндзе Лігі канферэнцый — іх супернік — албанская "Эгнатыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.