Тарашкевіча катавалі ў НКУС і змусілі даць паказанні на 249 чалавек
Гісторыкі знайшлі ў архіве дакумент, які пралівае святло на апошнія трагічныя месяцы жыцця выбітнага беларуса / Wiki
У Archiwum Akt Nowych у Варшаве знойдзена копія дакументу з архіву КДБ, паводле якога Браніслава Тарашкевіча пасля смяротнага прысуду 5 студзеня 1938 года амаль 10 месяцаў утрымлівалі ў асобным рэжымным корпусе НКУС, дзе пад катаваннямі змусілі даць паказанні на 249 чалавек. Пра гэта піша канал “Беларускі інстытут публічнай гісторыі”.
Корпус у гарадской турме арганізаваў кіраўнік аднаго з аддзелаў НКУС БССР Аляксандр Гепштэйн з санкцыі наркама Барыса Бермана і дазволу Масквы.
Тут утрымліваліся 270 чалавек, ад якіх "шляхам збіцця і катаванняў" атрымлівалі "дадатковыя сведчанні" на іншых асобаў. Толькі 38 вязняў корпусу, у тым ліку Тарашкевіч, далі паказанні на 3489 чалавек.
У корпусе ствараліся асабліва цяжкія ўмовы для тых, хто "не прызнаваўся". Тыя, хто "прызнаваўся" і даваў "паказанні", ставіліся ў прывілеяваныя ўмовы і атрымлівалі ўзмоцненую пайку. Наглядчыкам корпуса быў нехта Алекаў.
29 лістапада 1938 года зняволеных корпуса незаконна расстралялі, акты аб выкананні прысудаў падрабілі і аформілі заднім чыслом.
Браніслаў Тарашкевіч — аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменнік-перакладчык.