Сыцін: ЕС павінен зрабіць у бок Беларусі "максімальна шырокія крокі"
Расійскі эксперт напярэдадні Рыжскага саміта апублікаваў тэкст, які збольшага прысвечаны Беларусі.
Былы навуковы супрацоўнік Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў (да 2009 года ён уваходзіў у склад Службы замежнай разведкі Расійскай Федэрацыі) Аляксандр Сыцін напярэдадні ад'езду на саміт "Усходняга партнёрства" ў Рызе змясціў у Facebook даклад, які падрыхтаваў да гэтага мерапрыемства. Ён мае назву "Імперская палітыка Расіі, Беларусь і задачы Усходняга партнёрства".
Сыцін піша, што анэксія Крыма і ўсебаковая падтрымка Масквой "тэрарыстычных рэжымаў Данецкай і Луганскай рэспублік" абвастрылі крызіс расійскага рэжыму. "Гэтыя падзеі паставілі краіны, суседнія з Расіяй, перад абліччам сур'ёзных геапалітычных і стратэгічных выклікаў, ад адказу на якія будзе залежыць іх развіццё, дабрабыт, сам факт іх суверэннага існавання... З геапалітычнай кропкі гледжання лінія Крамля ў адносінах Беларусі мала чым адрозніваецца ад яго палітыкі ва Украіне", — чытаем у дакладзе.
Аляксандр Сыцін тлумачыць, чаму асноўную ўвагу ён надае нашай краіне: "саміт... прысвечаны Беларусі". Эксперт адзначае, што "анэксія Крыму і падзеі на паўднёвым-усходзе Украіны з непазбежнасцю вызначылі для Беларусі празаходні выбар". Аднак "кожны крок афіцыйнага Мінска на карысць абароны свайго суверэнітэту і тым больш у накірунку супрацоўніцтва з Захадам выклікае ў Маскве вельмі хваравітую рэакцыю".
Сыцін нагадвае, што за апошні год улады Беларусі неаднойчы "дэманстравалі гатоўнасць да супрацоўніцтва з краінамі ЕС". Цяпер жа, лічыць эксперт, вельмі актуальнымі з'яўляюцца "максімальна шырокія крокі ў адказ на карысць Беларусі з боку еўрапейскай супольнасці". На яго думку, любыя санкцыі, любы ціск ЕС на Мінск будуць выкарыстаныя Масквой "для рэалізацыі праекта еўразійскай інтэграцыі і ўмацавання "саюзнай дзяржавы".
Еўраінтэграцыйны патэнцыял Мінска на сённяшні дзень яшчэ не вычарпаны, піша Аляксандр Сыцін. І многае залежыць ад кіраўніцтва Еўрасаюза і яго дзеянняў.
"Стратэгічна і геапалітычна ў Беларусі няма альтэрнатывы еўрапейскай інтэграцыі, калі яна хоча ісці па шляху развіцця, квітнення і захавання дзяржаўнага суверэнітэту, а не пераўтварацца ў заходнія транзітна-энергетычныя задворкі Масковіі", — адзначаецца ў дакладзе расійскага эксперта. Сыцін перакананы, што выказванні (у тым ліку і беларускага лідара) пра магчымасць супрацоўніцтва праектаў еўрапейскай і еўраазійскай інтэграцыі памылковыя, праекты гэтыя "цалкам антаганістычныя". Беларусі не ўдасца лавіраваць паміж імі, што і прадэманстраваў экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.
Сыцін папярэджвае, што Расіі мала Крыму ці Украіны, паколькі яна збіраецца стаць "альтэрнатыўным ЗША сусветным цэнтрам сілы". Эксперт прапануе на Рыжскім саміце паставіць пытанне пра рэгіянальнае аб'яднанне Польшчы, Літвы, Латвіі, Беларусі і Украіны з магчымым прыцягненнем Малдовы і Румыніі.
Нагадаем, дагэтуль невядома, ці паедзе на саміт "Усходняга партнёрства" ў Рыгу Аляксандр Лукашэнка.
Фота: bymedia.net, newsbalt.ru