Святлана Алексіевіч выступіць у Варшаве

Святлана Алексіевіч
16 чэрвеня лаўрэатка Нобелеўскай прэміі і ганаровая старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч сустрэнецца з чытачамі ў Варшаве. Імпрэза пройдзе ў Новым Тэатры на Макотуве, пачатак а 19-й. Уваход вольны!
Святлане Алексіевіч днямі споўнілася 77 гадоў. Яна вядомая як пісьменніца і журналістка, а ў 2015 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры — за "паліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці ў наш час".
Галоўная праца Алексіевіч — цыкл з пяці кніг пра "чырвонага чалавека". Яе творы прысвечаныя ўдзелу жанчын у Другой сусветнай вайне, катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, савецкай інтэрвенцыі ў Афганістан, жыццю постсавецкіх краінаў у пераходны перыяд.
Даследчыкі класіфікуюць творы Святланы Алексіевіч як дакументальную прозу. А сама аўтарка кажа пра сваю творчасць: "Я не пішу сухой, голай гісторыі фактаў, падзей — я пішу гісторыю пачуццяў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.