“Мы жывем у новым сярэднявеччы”. Думкі пасля сустрэчы са Святланай Алексіевіч

Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў "Новым тэатры" у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 года

Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў "Новым тэатры" у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 года / Рауль Дзюк / Белсат

16 чэрвеня беларускі ПЭН-цэнтр арганізаваў у Варшаве сустрэчу са Святланай Алексіевіч — набеліаткай і аўтаркай літаратурнага цыкла “Галасы ўтопіі”. 

Акрамя размоў пра вопыт уласнай эміграцыі і жаданне вярнуцца дамоў, аўтарка паразважала пра складаную сучаснасць, у якой жывуць цяпер людзі па ўсім свеце. 

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзяліўся кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі.

***

Публічны вобраз Беларусі і беларусаў апошніх гадоў сёння знаходзіцца ў зоне павышанай турбулентнасці. 

Дзесяцігоддзямі навакольны свет нас упарта ігнараваў, магчыма, не здагадваючыся аб нашым існаванні. Затым быў час кароткай, але вельмі яркай захопленасці шматтысячным мірным пратэстам 2020 году. А цяпер мы разграбаем наступствы таксічнага хаўрусніцтва з Расіяй у вайне з Украінай, на што ўжо пачала бурліва рэагаваць заходняя кінаіндустрыя. 

Здатныя растапіць нарастаючы лёд знешняга недаверу толькі лічаныя людзі-брэнды. Вось як поп-спявак Макс Корж, на летні канцэрт якога на варшаўскім PGE Narodowy за пару дзён прадалі ўсе квіткі, а гэта 70 тысяч месцаў, між іншым.

Што тычыцца інтэлектуальнай нішы, то яе стабільна займае лаўрэатка Нобеля па літаратуры Святлана Алексіевіч. Гэта яскрава прадэманстравала публічная сустрэча з пісьменніцай 16 чэрвеня ў залі варшаўскага “Новага тэатра”. 

Нягледзячы на прасторнае памяшканне, больш падобнае на здымачны павільён, усе ахвочыя паслухаць канкуравалі за дадатковыя месцы на падлозе, не кажучы пра вольныя месцы на трыбуне. 

Прыкметны энтузіязм аўдыторыі, сярод якой хапала як і беларусаў, так і палякаў, натрапіў на разгубленую і злёгку стомленую рэакцыю Святланы, якая шчыра прызналася, што рада таму, што яшчэ засталіся людзі, гатовыя верыць у моц літаратурнага слова.

А яно, бачна, сапраўды збанкрутавала, апынуўшыся пад ціскам сучасных аўтакратый і правапапулісцкіх урадаў дэмакратычных краін. Тут як па Оруэлу, мір — гэта вайна, а забойствы мірных жыхароў — “спадарожная шкода”. 

“Мы жывем у новым сярэднявеччы”. Думкі пасля сустрэчы са Святланай Алексіевіч
Cустрэча са Святланай Алексіевіч у варшаўскім "Новым тэатры", 16 чэрвеня 2025 года / Тарас Тарналіцкі / Euroradio

Увесь пафас антываеннай прозы, на якой вырасла не адно пакаленне сённяшніх палітыкаў, хутка выветрыўся і саступіў месца прапагандысцкім наратывам з экранаў тэлевізараў і смартфонаў.

Як так атрымалася? І чаму пасля паразы “чырвонага чалавека”, вывучэнню якога прысвечаны цыкл “Галасы ўтопіі”, ён адрадзіцца зноў? Толькі ўжо ў новым выглядзе, з бура-карычневымі палітычнымі поглядамі. І без апоры на камуністычныя дагматы. 

Пакуль няма дакладнага адказу на гэтае пытанне. Не да канца сфармулявала яго для сябе і сама Алексіевіч.

“Магчыма нам зараз патрэбныя нейкія новыя словы, іншая філасофія жыцця. А мы зараз знаходзімся ў пошуку, мы не маем гэтага зараз. Няма адчування, што гэта той [палітычны] лідар, што нам патрэбны, тыя словы, што нам патрэбны. Усё носіць адбітак часовасці. А часовасць — гэта зараз вельмі небяспечна, таму што з нашых газет, з нашых розумаў не сыходзяць думкі пра Трэцюю сусветную вайну. <...> Cвет сёння нечаканы і вельмі хуткі”, — разважае пісьменніца. 

Няма ў літаратаркі адказаў, чаму так імгненна з’явілася нянавісць да ўкраінцаў у расіян, гатовых ісці ў іншую краіну забіваць невядомых людзей.

“Мы жывем у новым сярэднявеччы”. Думкі пасля сустрэчы са Святланай Алексіевіч
Чарга на подпіс кнігі да Святланы Алексіевіч у "Новым театры" у Варшаве, 16 чэрвеня 2025 года / Тарас Тарналіцкі / Euroradio

“Надзець боты і ісці паміраць — не думаю, што камусьці хочацца. Але час кідае ўкраінскіх хлапцоў ісці і паміраць, а яны хацелі б жыць. Але таму, нягледзячы на ХХI стагоддзе, мы жывем яшчэ ў новым сярэднявеччу”.

Якім будзе выйсце з гэтай цемры свядомасці, пакажа толькі наступнае жыццё. А можа, і новая кніга пісьменніцы з працоўнай назвай “У прадчуванні новых варвараў” (амаль як аднайменны раман Джона Кутзее), на якой яна зараз засяродзілася, адклаўшы працу над іншымі кнігамі пра каханне і падзеі беларускай рэвалюцыі. 

Як знаць, магчыма, там будзе сфармуляваны адказ, які мы ўсе зараз хочам пачуць, каб вярнуцца да спакойнага жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.