У Варшаве вынеслі прысуд беларусу, які намаляваў Маска з "зігай"
Тое самае графіці, за якое судзілі беларуса / Інстаграм-акаўнт street_wind_
У судзе Варшавы 28 лістапада вынеслі прысуд беларускаму мастаку, якога затрымалі ў студзені 2025-га за графіці Ілана Маска, які зігуе.
Максіму прысудзілі два гады ўмоўнага пакарання, падчас якіх яму забараняецца фактычна рабіць такія акцыі. Таксама ён павінен заплаціць 160 злотых (крыху больш за 40 долараў).
На судзе беларускі мастак сябе вінаватым не прызнаў і прасіў ацэньваць свой учынак як акт мастацтва. Ён нагадаў, што Маск зрабіў свой неадназначны жэст як прадстаўнік урада ЗША. Таксама ўзімку актыўна абмяркоўвалася інфармацыя, што амерыканскі мільярдэр купляе апартаменты ў Варшаве.
У Польшчы Максім апынуўся праз палітычны пераслед з боку беларускай дзяржавы.