Феномен Менцэна. Чаму вынікі польскіх выбараў вызначыць трэці кандыдат?

Славамір Менцэн

Славамір Менцэн / Radek Pietruszka / PAP

1 чэрвеня 2025 года ў Польшчы пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў, і многія палякі ўжо называюць гэтую кампанію ледзь не самай вызначальнай за апошнія 35 гадоў.

Разрыў паміж кандыдатамі зусім невялікі: у першым туры мэр Варшавы і прадстаўнік "Грамадзянскай кааліцыі" Рафал Тшаскоўскі набраў 31,36%, а дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці, якога падтрымлівае апазіцыйная партыя "Права і справядлівасць", Караль Наўроцкі — 29,54%.


Запрашэнне на стрым

25 траўня кандыдаты сабралі шматтысячныя маршы ў цэнтры Варшавы: адначасова на паралельных вуліцах. На маршы мэра сталіцы Тшаскоўскага было нашмат больш людзей, паводле ацэнкі сайта Onet.pl, — ад 130 да 160 тысяч. У Наўроцкага — больш за 70 тысяч чалавек.

Але гэта яшчэ нічога не азначае. Апошнія апытанні ў Польшчы паказваюць, што ў другім туры Тшаскоўскі атрымаў бы 47%, а Наўроцкі — 46%. І хутчэй за ўсё выйгрыш вызначыцца тым, за каго прагаласуюць выбаршчыкі трэцяга папулярнага кандыдата з першага тура — Славаміра Менцэна ад правай "Канфедэрацыі", які набраў 14,81% галасоў.

За тыдзень да выбараў кансерватыўны палітык запрасіў абодвух кандыдатаў на стрым на сваім YouTube-канале (1,07 мільёна падпісчыкаў), каб даць магчымасць пераканаць сваіх выбаршчыкаў прагаласаваць за аднаго з іх. Ён таксама падрыхтаваў для падпісання "дэкларацыю, якая адпавядае чаканням яго выбаршчыкаў".

Феномен Менцена. Почему результаты польских выборов определит третий кандидат?
Караль Наўроцкі падпісвае дэкларацыю Менцэна

Сярод васьмі пунктаў былі такія пастулаты, як "Я не дазволю адпраўляць польскіх жаўнераў на тэрыторыю Украіны" або "Я не падпішу закон аб ратыфікацыі ўступлення Украіны ў NATO".

Першым на стрым прыйшоў Наўроцкі. Той паставіў свой подпіс пад дэкларацыяй, тым самым пагадзіўся з пастулатамі, якія пярэчаць палітыцы "Права і справядлівасці". Таксама кандыдат падчас размовы прызнаўся, што ў маладосці ўдзельнічаў у вулічных баях футбольных фанатаў.

Праз два дні да Менцэна прыйшоў Тшаскоўскі, які ў эфіры пагадзіўся толькі з чатырма пастулатамі з васьмі, адстойваў свой пункт гледжання з нагоды правоў чалавека ў Польшчы і сітуацыі ва Украіне. А калі што і падпісаў Славаміру, то толькі кнігу пра сябе пад назвай"Rafał".

Сваю сустрэчу палітыкі працягнулі ў бары Менцэна, дзе іх чакаў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі.

Гэтая сустрэча выклікала буру эмоцый у прыхільнікаў Менцэна, некаторыя называлі яе "здрадай". Сам жа палітык выказаўся, што з Наўроцкім бы таксама пайшоў на піва, але той не запрасіў. Ён таксама не адмовіўся б выпіць піва з любым вядомым палітыкам, калі б той прапанаваў, бо яго галоўная мэта — разбурыць палітычны дуалізм, які склаўся ў Польшчы за апошнія гады.

Журналістка польскага расследчага выдання Frontstory Анастасія Марозава лічыць, што Менцэн выкарыстаў з'яўленне кандыдатаў у сваім YouTube як рычаг для росту аўдыторыі.

"Яго кантэнт распаўсюджваўся ў некалькі разоў больш актыўна, чым кантэнт фактычных кандыдатаў: Наўроцкі нават падпісаў 8 пастулатаў Менцэна 22 траўня. Запрашэнне кандыдатаў на размову на YouTube было выгадным з таго пункту гледжання, што Менцэн, па-першае, прыкаваў да сябе гледачоў абодвух бакоў, гэта значыць, значна павялічыў аўдыторыю, да якой ён звяртаецца. Па-другое, задаваў абодвум кантраверсійныя пытанні, што выйгрышна глядзелася для Менцэна".

Журналіст Gazeta Wyborcza Давід Краўчык падкрэслівае, што сама ідэя Менцэна запрасіць кандыдатаў перад выбарамі на свой канал кажа пра сур'ёзныя змены статусу палітыка.

"Яго ідэя асабіста апытваць кандыдатаў у прэзідэнты на ўласным канале паказала яшчэ штосьці: наколькі абясцэненая роля журналістыкі як чацвёртай улады. Палітыкам больш не трэба праходзіць праз сіта СМІ — сёння яны самі сабе рэжысёры, сцэнарысты і мадэратары. Ім не патрэбныя цяжкія пытанні, ім не патрэбна праверка — ім дастаткова ўтульнасці ва ўласнай студыі і зручнага суперніка, з якім можна сыграць добра зрэжысаваны спектакль".


Кансерватар, католік, вольнарыначнік, еўраскептык

38-гадовы Менцэн увайшоў у палітыку не вельмі даўно. У 2015 годзе ён абараніў PhD па эканоміцы аб дзярждоўгу, акрамя палітычнай дзейнасці мае сваю справу ў сферы падатковага кансультавання і нават ўласную браварню.

Палітыкай зацікавіўся ва ўзросце 19 гадоў, але сапраўдная кар'ера пачалася ў 2015 годзе, калі Менцэн уступіў у партыю свайго куміра Януша Корвіна-Міке (сталага палітыка ўльтракансерватыўных поглядаў).

Феномен Менцена. Почему результаты польских выборов определит третий кандидат?
Славамір Менцэн і еўрадэпутатка "Канфедэрацыі" Ганна Брылка ля помніка Сцяпану Бандэру ў Львове

Што важна, Менцэн не раз выказваў фальшывую інфармацыю супраць украінцаў у Польшчы, напрыклад, пра тое, што ўкраінцы нібыта пасля аднаго працоўнага дня могуць прэтэндаваць на польскія пенсіі. У межах перадвыбарчай кампаніі ён прыязджаў у Львоў, дзе запісаў правакацыйнае відэа на фоне помніка Сцяпану Бандэру.

"Менцэн — лідар праварадыкальнай, нацыяналістычнай і лібертарыянскай партыі, якая прадумана эксплуатуе незадаволенасць моладзі на тэму падаткаў, ЛГБТ, міграцыі і польскага суверэнітэту. Ён іграе на эмоцыях, прапануе простыя рашэнні і прэзентуе сябе як "антысістемнага" кандыдата.

Хоць перад выбарамі ён змякчыў рыторыку, уласцівую "Канфедэрацыі" адносна збліжэння з Расеяй, "Канфедэрацыя " — адзіная партыя, якая сістэмна крытыкавала падтрымку Украіны і адкрыта ставіла пад сумнеў празаходні кансэнсус Польшчы. Паколькі цяпер Наўроцкі спрабуе забраць электарат Менцэна, то пачынае больш адкрыта выказваць антыўкраінскую пазіцыю.

Штаб Тшаскоўскага трактуе высокія вынікі Менцэна і Браўна [Гжэгаж Браўн — польскі кансерватыўны палітык, які заняў чацвёртае месца ў першым туры выбараў. — Еўрарадыё] хутчэй з надзеяй, што гэта мабілізуе яго выбаршчыкаў, якія не прагаласавалі ў першым туры", — кажа Анастасія Марозава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.