Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам

Караль Наўроцкі і Рафал Тшаскоўскі

Караль Наўроцкі і Рафал Тшаскоўскі / KZ / Palityka

1 чэрвеня 2025 года ў Польшчы адбудзецца другі тур выбараў прэзідэнта, у якім сыдуцца два кандыдаты — прадстаўнік кіруючай у парламенце кааліцыі, мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі і вылучэнец ад апазіцыі, гісторык Караль Наўроцкі.

Канкурэнцыя паміж імі будзе шчыльнай — і ад выніку будзе залежыць жыццё на бліжэйшыя 5 год не толькі палякаў, але і беларусаў па абодва бакі мяжы.

Які з кандыдатаў найлепшы варыянт для беларусаў? На гэтае пытанне Еўрарадыё адказала польская рэпарцёрка і пісьменніца Паўліна Сегень і палітычны блогер з беларускімі каранямі, які пажадаў застацца ананімным.

 

Паміж чумой і халерай

У кантэксце стаўлення да рэжыму Лукашэнкі большай паслядоўнасці можна чакаць ад Рафала Тшаскоўскага, які прадстаўляе палітычны лагер, у якім знаходзіцца, між іншым, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі. 

Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам
"Вялікі марш за Польшчу" Караля Наўроцкага 25 траўня ў Варшаве / Матеўш Скварчэк / Agencja Wyborcza

Так лічыць Паўліна Сегень, якая робіць высновы з рыторыкі палітыка.

“З яго выказванняў, а таксама з выказванняў Дональда Туска можна зрабіць выснову, што яны лепш разумеюць як складанасць, так і вагу гэтай міжнароднай сітуацыі, якая склалася вакол Польшчы. 

Яны не маюць ілюзій адносна варожага характару аўтарытарных рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна і цалкам усведамляюць, што найгоршай магчымай стратэгіяй з'яўляецца палітыка залагоджвання”, — кажа рэпарцёрка.

Тым часам Караль Наўроцкі без вагання падтрымлівае пастулат ультраправых — крайняй правіцы, прадстаўленай Славамірам Мэнцэнам, што Украіна не павінна быць у НАТА. 

“Цяжка зразумець такую пазіцыю, бо Украіна ў НАТА з яе вялікім, дасведчаным войскам і абароннай прамысловасцю, якая дынамічна развіваецца, была б вялікай падтрымкай для ўсіх краін рэгіёна, якія баяцца расійскай агрэсіі. А калі паслухаць палякаў, дык яны сапраўды баяцца гэтай агрэсіі”. 

Акрамя таго, Наўроцкі адступае тут ад “запавету прэзідэнта Леха Качыньскага”, які ўвайшоў у гісторыю як прэзідэнт, што цвёрда падтрымліваў стратэгію ўсходняй палітыкі Польшчы, заснаваную на тэзах Мэрашэўскага і Гедройца

Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам
"Вялікі марш патрыётаў" Рафала Тшаскоўскага, 25 траўня ў Варшаве / Матеўш Скварчэк / Agencja Wyborcza

“Гэта значыць такую [палітыку], што падтрымлівае незалежнасць і суверэнітэт Літвы, Украіны, Беларусі і іншых дзяржаў, якія пасля распаду СССР вырваліся з залежнасці ад Расіі. Блакаванне далучэння Украіны да НАТА — гэта ў прамым сэнсе задавальненне аднаго з патрабаванняў Пуціна. Паводзіны Наўроцкага сведчаць пра тое, што ён гатовы ахвяраваць польскімі інтарэсамі на міжнароднай арэне дзеля ўнутранай барацьбы за ўладу. 

Гэта не вельмі добра характарызуе яго як прэзідэнцкага кандыдата, бо менавіта на прэзідэнце ляжыць вялікая адказнасць прадстаўлення краіны за мяжой, пабудовы саюзаў і г.д.”.

Унутраная палітыка выглядае складаней, бо падчас выбарчай кампаніі ліберальны кандыдат Рафал Тшаскоўскі паказаў раней свой невядомы ксенафобскі бок. 

“Ад яго гучалі заявы пра жорсткую міграцыйную палітыку, ён падтрымаў ідэю абмежавання права ўкраінскіх уцекачоў на дапамогу на дзяцей, так званае “800 плюс”, — кажа Сегень. 

“Відавочна, што такім чынам ён імкнуўся задаволіць грамадскія настроі, якія радыкалізуюцца ў пытаннях міграцыі і стаўлення да мігрантаў. У тым ліку тых, што легальна пражываюць і вельмі патрэбныя Польшчы з улікам глыбокага дэмаграфічнага крызісу. 

Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам
Варшаўская паліцыя падчас мітынгаў кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы 25 траўня / Матеўш Скварчэк / Agencja Wyborcza

Разумею, што многія беларусы маюць падобнае да палякаў негатыўнае стаўленне да міграцыі — нядаўна гэта паказала рэакцыя на планы Лукашэнкі па “імпарце” працоўных з Пакістана. Зразумела, што беларускія мігранты, у адрозненні ад пакістанцаў, белыя, хутка вучацца мове (амаль без акцэнту размаўляюць па-польску) і ствараюць спецыфічную дыяспару, у якой дамінуюць адукаваныя і прадпрымальныя людзі, якія добра сябе адчуваюць фінансава, — але тым не менш нават усё гэта не азначае, што польскія ксенафобскія настроі з часам не пачнуць закранаць і іх”.

У гэтым кантэксце суразмоўніца звяртае ўвагу на тое, як моцна змяніліся грамадскія настроі: ад хвалі салідарнасці з украінскімі ўцекачамі ў 2022 годзе — да сённяшняга часу, калі антыўкраінскія погляды сталі амаль нормай.

“Беларускай дыяспары ў Польшчы напэўна не спрыяе тое, што сярод асоб, затрыманых за ўдзел у дыверсіях па замове расійскіх службаў, трапляюцца грамадзяне Беларусі. Скандал вакол знікнення Анжалікі Мельнікавай таксама не дапамагае (хаця здаецца, што ён не атрымаў шырокага розгаласу ў грамадскай думцы — магчыма, менавіта таму, што працягваецца жорсткая выбарчая кампанія, якая ўсё іншае адсоўвае на другі план). 

А калі не хапае палітычнага паліва, то найлепшай ахвярай заўсёды становіцца чужынец — любы, няважна, як бы ён ні стараўся”.

Акрамя таго, мы бачым палітычныя дзеянні і заявы наконт, напрыклад, інтэграцыі эмігрантаў, поспех якой, здаецца, усе дамінуючыя палітычныя сілы ў Польшчы ўспрымаюць як поўную асіміляцыю. 

“Вазьміце хоць бы словы Наўроцкага пра тое, што польскую школу павінны заканчваць палякі. Або дзеянні цяперашняга Міністэрства адукацыі, накіраваныя супраць адукацыі нацыянальных меншасцяў. У гэтай сферы цяперашняя, здавалася б, вельмі ліберальная і прагрэсіўная ўлада на чале з левым палітыкам Барбарай Навацкай вельмі паслядоўна працягвае палітыку папярэдняга нацыяналістычнага ўрада, накіраваную на дэмантаж беларускай адукацыі для меншасці на Падляшшы і ліквідацыю Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы”.

Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам
Анжаліка Мельнікава і Павел Латушка ў польскім Сенаце / Народнае антыкрызіснае ўпраўленне

Паўліна Сегень лічыць, што прэзідэнцкія выбары, як звычайна ў Польшчы, адбываюцца паміж чумой і халерай. 

“Беларусы і беларускі, якія ўжо маюць польскае грамадзянства, а значыць і права голасу, напэўна, ўжо азнаёміліся з канцэпцыяй галасавання за “меншае зло”. Але яны самі павінны вырашыць, хто з кандыдатаў гэтым меншым злом з’яўляецца”.

 

“Грамадства падзелена амаль што роўна на дзве паловы”

Канцэпцыі меншага зла прытрымліваецца наш наступны суразмоўца — палітычны блогер з беларускімі каранямі.

“Я, як і шматлікія палякі, 1 чэрвеня буду галасаваць за “меншае зло”, бо не давяраю ў поўным аб'ёме ніводнай з дзвюх галоўных партый. Для мяне асабіста выбар таксама нялёгкі, бо з аднаго боку мяне, як беларуса, турбуе беларускае пытанне, хаця я вельмі даўно з'яўляюся польскім грамадзянінам. 

Але з іншага боку, мяне вельмі моцна хвалявалі аўтарытарныя тэндэнцыі партыі “Права і справядлівасці”, якія былі выразна бачныя ў 2015-2023 гадах. Гэта і жаданне падмяць пад сябе СМІ, і жаданне зрабіць судовую сістэму моцна залежнай ад адной партыі, і жорсткія дзеянні паліцыі ў стасунку да пратэстоўцаў. Дэмакратыя, яна крохкая, і яе з лёгкасцю можна дэмантаваць, прыкладаў у гісторыі вельмі шмат. 

Нават я сам добра памятаю, як гэта адбывалася на нашай Радзіме. Але кожны павінен вырашыць сам для сябе, якія каштоўнасці для яго больш важныя”, — лічыць блогер.

На думку суразмоўцы ў другім туры сітуацыя можа развівацца непрадказальным чынам.

Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам
Прэзідэнцкія выбары 2025 года / Якуб Улодэк / Agencja Wyborcza

“Да першага тура выбараў галоўным фаварытам быў Рафал Тшаскоўскі. Але, як прызнаюць польскія сацыёлагі, у іх не атрымалася выкрыць у даследаваннях вялікія анты-імігранцкія настроі (вынік іншага кандыдата – Гжэгажа Браўна) і настолькі вялікую незадаволенасць урадам кіруючай кааліцыі — гэта бачна па дэмабілізацыі ліберальнага электарату.

На дадзены момант можна з упэўненасцю сказаць, што грамадства падзелена амаль што роўна на дзве паловы, а другі тур выбараў пераўтварыўся ў рэферэндум па падтрымцы накірунку развіцця краіны, які праводзіць урад Дональда Туска”.

Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што крыху большым фаварытам на дадзены момант з'яўляецца Караль Наўроцкі, кандыдат “Права і справядлівасці”, але ягоная перавага месціцца ў адным адсотку. 

“То-бок усё вырашыць мабілізацыя электарата і тое, ці атрымаецца ў Тшаскоўскага “абудзіць” з летаргічнага сну выбаршчыкаў, якія ў 2023 годзе далі перамогу сённяшняй кааліцыі. А гэтая задача сапраўды нялёгкая, бо шмат хто з іх адчуў сябе падманутым. 

Здаецца, што “кааліцыянты” гэта разумеюць, бо падчас маршу ў Варшаве ў нядзелю 25 траўня лідары кааліцыі публічна папрасілі ў выбаршчыкаў прабачэння за нявыкананыя абяцанні. Ці атрымалася ў іх пераканаць свой электарат — час пакажа. Мадэлі паказваюць, што перавага ў другім туры можа быць меншай, чым на 100 тысяч галасоў (менш за 0,5%). А Польшчу можа чакаць перыяд палітычнай нестабільнасці”.

Мужчына нагадвае, што нягледзячы на неадназначную рэпутацыю, менавіта партыя “Права і справядлівасці” была больш зацікаўленая ў беларускім пытанні. 

Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам
Караль Наўроцкі падчас "Вялікага маршу за Польшчу", 25 траўня ў Варшаве / Матеўш Скварчэк / Agencja Wyborcza

“Менавіта падчас кіравання ПіС рэалізаваліся многія праекты, якія дапамаглі шматлікім асобам у Беларусі. Гэта і карта паляка, якая стала вялікай падтрымкай для беларусаў, якія маюць польскія карані, гэта і праграма Кастуся Каліноўскага, падтрымка беларускіх НДА, і падтрымка беларускіх СМІ, сярод якіх, канешне, трэба асабліва выдзеліць Белсат, які ўнёс вялікі ўклад у падтрымку і развіццё беларушчыны. Варта адзначыць і вялікую падтрымку для беларусаў пасля 2020 года. 

Агулам “Права і справядлівасць” заўсёды добра чула і разумела ўсходні напрамак, шмат працавала з “Палоніяй” [польская дыяспара. — Еўрарадыё] і была зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва ў рэгіёне Міжмор’я”.

У сваю чаргу “Грамадзянская Платформа” звычайна ці захоўвала статус-кво, ці аддавала гэтаму напрамку меней увагі.

“Але практыка апошняга часу, пасля перадачы ўлады ў 2023 годзе, паказала пагаршэнне стаўлення да беларускага пытання. Гэта выразна бачна па сітуацыі вакол Белсату, напрыклад. Ёсць і візавае пытанне, хаця праблемы з гуманітарнымі візамі пачаліся яшчэ перад выбарамі ў 2023 годзе. 

А сітуацыя з праграмай Polish Business Harbor, калі паспрабаваць паглядзець на яе без эмоцый, звязаная і з візавым скандалам у Польшчы (тут варта зазірнуць у рапарт Вярхоўнай Кантрольнай Палаты Польшчы), і з выкарыстаннем гэтых віз нязгодна з мэтай выдачы”.

Таму, разважае суразмоўца, можна спадзявацца, што вяртанне да ўлады “Права і справядлівасці” можа быць лепшым варыянтам для беларусаў. Але ёсць некалькі сігналаў, што не абавязкова так будзе.

“Караль Наўроцкі выразна дыстанцыянаваўся ад спадчыны Леха Качынскага, які быў адным з ідэолагаў падыходу ПіС да ўсходняй палітыкі. Яму, прынамсі па тым, што ён паказвае падчас выбарчай кампаніі, значна бліжэй да [ультраправай партыі] “Канфедэрацыі”.

Тшаскоўскі ці Наўроцкі — перамога на выбарах якога кандыдата паспрыяе беларусам
"Вялікі марш патрыётаў" Рафала Тшаскоўскага, 25 траўня ў Варшаве / Матеўш Скварчэк / Agencja Wyborcza

Вельмі сімптаматычным з'яўляецца законапраект ПіС пра падоўжанне тэрмінаў, пасля якіх можна падавацца на польскае грамадзянства. Хаця некаторых зменаў у падыходзе да легалізацыі іншаземцаў можна спадзявацца так ці інакш, бо польскае грамадства цягам апошніх некалькіх гадоў і так прыняла ўжо вельмі вялікую колькасць мігрантаў і гэта ўжо выклікала пэўную напружанасць у грамадстве. 

Палітыкі з абодвух бакоў бачаць гэтую напружанасць у сацыялагічных даследаваннях, якія іхнія партыі робяць увесь час”.

Эксперт заклікае памятаць, што зараз вельмі моцна змяніліся абставіны. 

“Беларусь стала суагрэсарам у вайне Расіі супраць Украіны, увесь час трывае крызіс на польска-беларускай мяжы, а да Польшчы цягам апошніх гадоў прыехала вялікая колькасць мігрантаў, якіх трэба інтэграваць у грамадства. 

Такім чынам можна спадзявацца большай прыхільнасці да падтрымкі розных беларускіх праектаў, але ў пытанні віз і легалізацыі сітуацыя можа быць іншай”, — падсумоўвае блогер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.