Беларус, якога хацелі выслаць пасля канцэрту Каржа, папрасіў прытулак
Паліцыя каля стадыёна ў Варшаве падчас канцэрта Макса Каржа / ksp.policja.gov.pl
Міжнародную абарону ў Польшчы папрасіў беларус, якога пастанавілі дэпартаваць пасля канцэрту Макса Каржа ў Варшаве. Пра гэта польскім СМІ расказаў прэс-сакратар памежнай службы Анджэй Юзвяк, заўважыла выданне MOST. Таксама міжнародную абарону папрасілі двое ўкраінцаў.
Складана сказаць, ці здолее наш суайчыннік атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы. Прэс-сакратар упраўлення па справах замежнікаў Якуб Дудзяк кажа, што для атрымання абароны заяўнік не павінен быць прызнаны пагрозай бяспецы.
Канцэрт Макса Каржа на варшаўскім стадыёне PGE Narodowy адбыўся 9 жніўня. Падчас яго паліцыя затрымала 109 гледачоў за парушэнне грамадскага парадку. Пазней суд пастанавіў дэпартаваць 57 украінцаў і шасцярых беларусаў. Дваіх беларусаў выслалі з Польшчы, яшчэ двое пакінулі краіну добраахвотна. І яшчэ аднаго Польшча ўнесла ў спіс асоб, якім забаронены ўезд у Шэнгенскую зону.