Сутыкнуліся фура і мікрааўтобус з Украіны, загінулі тры чалавекі
Яшчэ дзесяць чалавек атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя. Трагічнае здарэнне адбылося раніцай у аўторак у Жыткавіцкім раёне.
Раніцай 30 снежня ў Жыткавіцкім раёне адбылася жахлівая аўтааварыя. Там сутыкнуліся фура і мікрааўтобус. Тры чалавекі загінулі і дзесяць атрымалі траўмы, іх шпіталізавалі. На дадзены момант ідзе агляд месца аварыі.
Як піша ў Facebook афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, мікрааўтобус мае рэгістрацыйныя знакі Украіны. Фура — з Мінскай вобласці.
Сайт onliner.ru дадае, што фура рухалася па дарозе Жыткавічы — Давыд-Гарадок — мяжа Украіны. Пад'язджаючы да Жыткавічаў, пры павароце налева кіроўца не саступіў шлях сустрэчнаму аўтамабілю Mercedes-Benz Sprinter. Пасля гэтага і адбылося сутыкненне. Загінулі двое мужчын і жанчына, якія ехалі ў мікрааўтобусе. Былі шпіталізаваныя дзевяць пасажыраў Mercedes і кіроўца фуры.

Фота — onliner.ru