Сумоўе пры працаўладкаванні на "Нафтане" можа скончыцца арыштам

З супрацоўнікамі "Нафтана" і "Паліміра" працягваюць праводзіць "палітычныя" гутаркі / gazeta.naftan.by
Пра сітуацыю на наваполацкім "Нафтане" і на "Паліміры", які ўваходзіць у склад вытворчага аб'яднання, "Зеркалу" распавяла адна з яго супрацоўніц. Там патрабуецца больш за 550 працаўнікоў. Нягледзячы на высокія заробкі, закрыць вакансіі не атрымліваецца.
З 2020-га да 2024 года калектыў "Нафтана" скараціўся больш чым на 700 чалавек. Недахоп людзей адчуваецца на ўсіх узроўнях. Да таго ж, на месца звольненых узялі тых, "хто не моцна разбіраецца" — прыходзяць "у асноўным спецыялісты нявопытныя або сярэднія".
Жадаючых працаўладкавацца на "Нафтане" хапае. Але многія не могуць прайсці усе этапы праверкі службы бяспекі, якую ўзначальвае былы супрацоўнік КДБ. Часам іх не праходзіць уся група. Пры гэтым начальнікам цэхаў кандыдаты падыходзілі і па адукацыі, і па досведзе працы.
Пры гэтым пры праверцы здараецца і такое, што суіскальнік і працу не атрымлівае, і можа нажыць сабе праблемы. "Калі падчас праверкі знаходзяць нешта сур'ёзнае, не цырымоняцца — чалавек трапляе на "суткі", — кажа супрацоўніца прадпрыемства. А яшчэ тым жа, хто ўсё ж такі ўладкоўваецца на завод, могуць прапаноўваць супрацоўнічаць са службай бяспекі. Таму да новых супрацоўнікаў у калектыве ставяцца насцярожана.
Таксама з супрацоўнікамі "Нафтана" і "Паліміра" працягваюць праводзіць "палітычныя" гутаркі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.