Суд прызнаў законным звальненне Высоцкага з "БелГазеты"

Суд прызнаў законным звальненне Высоцкага з "БелГазеты"

Суд Фрунзенскага раёна Мінска адмовіўся аднаўляць Ігара Высоцкага на пасадзе галоўнага рэдактара "БелГазеты", інфармуе прэс-служба БАЖ. Таксама не задаволены пазоў Высоцкага пра выплату кампенсацыі за час вымушанага прагулу і кампенсацыю маральнай шкоды, які ён падаваў супраць ТАА "БелГазета".

Як паведамлялася раней, паміж галоўным рэдактарам выдання Ігарам Высоцкім і асноўным акцыянерам Кірылам Жываловічам узнік канфлікт. Абодва бакі прызначылі сваіх дырэктараў "БелГазеты". Спрэчка скончылася звальненнем Высоцкага. 

Абгрунтоўваючы сваё рашэнне, суддзя Аляксандр Кузьміч заявіў, што на судзе было даказана неаднаразовае парушэнне Высоцкім працоўнага заканадаўства. У прыватнасці, гаворка ідзе пра неправамернае размяшчэнне рэкламнага матэрыялу, замену паласы выдання і нявыхад на працу з 15 сакавіка.

Прадстаўнікі ТАА "БелГазета" падалі дакументы, паводле іх перад звальненнем Высоцкаму выносілі вымовы і рабілі заўвагі. Высоцкі заявіў, што дакументы былі сфальсіфікаваныя задняй датай, а раней ніякіх спагнанняў ён не атрымліваў.

Словы Высоцкага ў судзе пацвердзілі былыя работнікі выдання Віктар Федаровіч і Андрэй Бандарэнка, а таксама тэхнічны рэдактар газеты Алена Завадская.

Аднак прадстаўнік "БелГазеты" Жываловіч падаў у суд дакументы аб спагнаннях, акты адмовы ад дачы тлумачэнняў Высоцкага ды копіі паштовых адпраўленняў пра тое, што дакументы насамрэч адпраўляліся былому галоўнаму рэдактару. Словы Жываловіча ў судзе пацвердзіла і галоўная бухгалтарка Вольга Крынец.

29 траўня суд адмовіў Высоцкаму ў задавальненні пазову. На працягу 15 дзён бакі могуць абскардзіць судовае рашэнне.