Стрыжак з'яўляецца адзіным уладальнікам фонду BYSOL

Андрэй Стрыжак
Фонд салідарнасці BYSOL цалкам кантралюецца адным чалавекам — Андрэем Стрыжаком. Гэта вынікае з выпіскі з рэестра юрыдычных асобаў, якая ёсць у распараджэнні Еўрарадыё.
Стрыжак з'яўляецца адзіным удзельнікам (dalininkas) фонду BYSOL. Яго доля намінальная — 1 еўра, але ў структурах літоўскіх фондаў менавіта "даліннікі" валодаюць правам прыняцця рашэнняў. У прыватнасці, яны могуць па сваім меркаванні прызначаць і звяльняць у сваіх арганізацыях дырэктараў.
А ў статуце BYSOL (ён таксама ёсць у распараджэнні рэдакцыі) не згадваецца такі орган, як "дырэктарат". Рашэнне прымаюцца на агульным сабранні "даліннікаў" (у выпадку "Байсола" — адзіным "даліннікам").
Скандал вакол асобы Андрэя Стрыжака пачаўся тыдзень таму. Яго абвінавацілі ў рассылцы дзікпікаў без згоды атрымальніц. Пасля гэтага каманда фонду заявіла, што Стрыжак адхілены ад пасады на час унутранага расследавання, а фондам кіруе дырэктарат.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.