Слуцкі старшакурснік збіваў суседа па інтэрнаце, а потым скінуў відэа ў чат

Старшакурснік здзекваўся з малодшага студэнта

Старшакурснік здзекваўся з малодшага студэнта / Следчы камітэт

Крымінальную справу аб катаванні першакурсніка ў інтэрнаце адной з навучальных устаноў пачалі ў Слуцкім раёне.

Як паведамляе Следчы камітэт, пацярпелым па справе праходзіць навучэнец-першакурснік, якога падсялілі ў пакой да трэцякурсніка. Старэйшы студэнт узненавідзеў маладога і стаў здзекавацца з яго.

Паведамляецца, што на пачатку верасня 18-гадовы юнак учыніў дзікую расправу над падлеткам. Схапіўшы непаўналетняга, студэнт паваліў яго на ложак і скаваў запясці рук за спінай металічнымі кайданкамі, купленымі ў інтэрнэт-краме. Пасля гэтага ён абматаў твар і галаву ахвяры ізастужкай, надзеў баксёрскія пальчаткі і пачаў збіваць безабароннага хлопца. Пры гэтым ён абражаў яго і лаяўся матам. Усю сцэну здымаў аднагрупнік агрэсара.

"Аднак і такіх здзекаў яму падалося мала. Старшакурснік дастаў прадмет, падобны на пнеўматычны пісталет. Перазарадзіўшы "зброю", ён двойчы стрэліў падлетку ў вобласць левага калена пластыкавымі шарыкамі", — апісвае сцэну прэс-служба СК.

Перапыніў катаванне толькі раптоўны грукат у дзверы.

Потым відэа катавання загрузілі ў мясцовы студэнцкі чат, дзе яго пабачыў стараста паверха. Ён запатрабаваў ад крыўдзіцеля выдаць усе прадметы, якія фігуравалі на відэазапісе. Сам пацярпелы 16-гадовы юнак маўчаў, каб яго не назвалі "стукачом".

На старшакурсніка пачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 154 КК (катаванне, здзейсненае ў дачыненні да заведама для вінаватага непаўналетняй асобы). 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.