Сталічную фірму пакаралі за “дамафонную канкурэнцыю”

Сталічную фірму, якая займаецца ўсталяваннем дамафонаў, пакаралі за нядобрасумленную канкурэнцыю. Як паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда, разгляд адміністратыўнай справы адбываўся ў Эканамічным судзе Мінска і скончыўся прысуджэннем буйнога штрафу. Ініцыявала справу Міністэрства адныманапольнага рэгулявання і гандлю.
Прадстаўнікі кампаніі заключылі з жыхарамі шматпавярховіка з Мінску дамову на абслугоўванне дамафонаў. Будучым кліентам сказалі, быццам цяперашняя арганізацыі па абслугоўванні ад іх адмовілася. Людзі паверылі, скасавалі дамову з ранейшай кампаніяй і заключылі з новай. У выніку першапачатковая арганізацыя недаатрымала прыбытак за абслугоўванне прыладаў за тры месяцы.
Суд прызнаў такія дзеянні парушэннем і прысудзіў фірме штраф у 9800 рублёў, а яе супрацоўніку асобна — у 490 рублёў. Фірма спрабавала абскардзіць рашэнне, але яно засталося ранейшым.