Стала вядома, як плануюць перарабіць Пішчалаўскі замак

Рэндары Пішчалаўскага замка пасля рэканструкцыі / "Мінскпраект"
"Мінскпраект" падрыхтаваў рэндары — эскізы таго, як павінен выглядаць Пішчалаўскі замак у цэнтры Мінска пасля рэканструкцыі. Займацца аднаўленнем будынка будзе прадпрыемства "Мінская спадчына".
У Пішчалаўскім замку доўгі час размяшчалася турма. Летась з будынка выехаў следчы ізалятар №1.
Пасля рэканструкцыі на тэрыторыі былой турмы застанецца пяць будынкаў: сам замак, аднапавярховы будынак за ім і аб'екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, сёння схаваныя за агароджай. Астатнія пабудовы дэмантуюць, як і агароджу. Тэрыторыя будзе адкрытай. Плануецца, што там будзе плошча для масавых мерапрыемстваў, ёсць месца для размяшчэння мабільнай сцэны. Будуць арганізаваныя паркоўка і зона для шпацыру, адзначаюць "Мінск-Навіны".
У самім замку плануецца максімальна вярнуць выгляд ХІХ стагоддзя, прыбраўшы ўсе дабудовы і перагародкі, зробленыя ў ХХ стагоддзі.
Будынкі мяркуецца аддаць пад аб'екты грамадскага харчавання і адміністрацыйныя памяшканні. Іх аператарамі будуць "Мінатэль", "Аква-Мінск", "Белкаапсаюз", бізнес-цэнтр "Сталіца", гандлёвы цэнтр "Сталіца", "Камунарка".
Праект паводле распрацаванай канцэпцыі яшчэ не зроблены, як вынікае з публікацыі "Мінск-навінаў". Але не выключана, што падрыхтоўчыя будаўнічыя работы могуць пачацца ўжо сёлета.



Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.