Стала вядома пра смерць яшчэ аднаго высокапастаўленага міліцыянта
Сяргей Глінскі / vb.by
Праваабаронцам MAYDAY TEAM стала вядома пра смерць яшчэ аднаго высокапастаўленага міліцыянта. Паводле іх, каля чатырох месяцаў таму памёр 44-гадовы начальнік упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Брэсцкага УУС палкоўнік Андрэй Глінскі. Гэтую пасаду ён займаў з лета 2022 года.
Глінскі адпрацаваў у міліцыі роўна 20 гадоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён прыйшоў працаваць у аддзел па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій. Паведамляецца, што спецыялізаваўся ён на крадзяжах з дапамогай фішынгу. Таксама міліцыянты чытаў лекцыі пра кібертэрарызм у Брэсцкім дзяржуніверсітэце.
Апошні год яго падраздзяленне расследавала незаконныя аперацыі з крыптавалютай. Часцей за ўсё грошы мелі крымінальнае паходжанне. Паведамляецца, што ў некаторых выпадках сілавікі канфіскоўвалі больш за паўмільёна долараў.
Як распавядала Еўрарадыё, на пачатку лютага стала вядома пра нечаканую смерць начальніка Аршанскага РУУС Сяргея Барвянкова.