Стала вядома, куды прыбылі першыя эшалоны расійскіх войскаў — "Флагшток"

Расійскіх вайскоўцаў сустракалі ў Беларусі / "Ваяр"
У Беларусь пачалі прыбываць эшалоны з расійскімі вайскоўцамі для вучэнняў.
6 жніўня прыбыў першы эшалон для ўдзелу ў беларуска-расійскіх вучэннях "Захад-2025", якія пройдуць у верасні. Расіян сустракалі з караваем. Месца іх прыбыцця не паведамлялася, твары вайскоўцаў былі заблюраныя. Прэс-служба беларускага Мінабароны нават зарэтушавала на расійскіх вагонах нумары і станцыі прыпіскі.
Выданне "Флагшток" мяркуе, што здымкі расійскага эшалона адбываліся недзе ў Мінскай вобласці. Журналісты грунтуюцца на тым, што адна з дзяўчат з караваем як мінімум да нядаўняга часу жыла ў Барысаве.
Таксама 6 жніўня ў Беларусь прыбыў яшчэ адзін расійскі цягнік з вайскоўцамі і тэхнікай на вучэнні "ў фармаце АДКБ". Месца іх прыбыцця таксама не называлася, а твары вайскоўцаў, якіх таксама сустракалі з караваем, былі заблюраныя. У паведамленні Мінабароны, аднак, была адсылка да 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, якая падала фота.
Як выявіў "Флагшток", здымкі былі зробленыя на станцыі Лосвіда Віцебскага раёна за 60 кіламетраў ад мяжы Беларусі і Расіі.
Каля гэтай станцыі размяшчаецца вайсковы палігон "Лосвіда". Паводле звестак маніторынгавай групы "Беларускі Гаюн«, у ліпені 2023 года сюды планавалася перавезці "вагнераўцаў" для навучання стральбе некаторых падраздзяленняў беларускіх Узброеных Сіл.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.