Срэбра чэмпіяната ў Ізраілі ўзяла дзяўчынка, чыя сям'я ўцякла ад рэпрэсій з РБ

Марта Барадзіна

Марта Барадзіна / Алег Барадзін

На чэмпіянаце Ізраіля па мастацкай гімнастыцы срэбраны медаль заваявала 11-гадовая Марта Барадзіна. Яе сям'я мусіла пакінуць Беларусь з палітычных прычынаў, перадае Радыё Свабода.

Дзяўчынка плануе працягваць заняткі гімнастыкай і хоча выйсці на дарослы прафесійны ўзровень. "За два гады хачу гэта зрабіць. Здаць усе нарматывы і выйсці ў прафесійную лігу. Мне для гэтага трэба будзе шмат трэніравацца і пастаянна перамагаць ува ўсіх чэмпіянатах", — перадае Радыё свабода яе словы.

Бацьку Марты Алега Барадзіна 29 сакавіка 2022 года затрымалі ў Гомелі за фатаздымкі расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў нападзе на Украіну. Мужчына сфатаграфаваў двух нецвярозых вайскоўцаў, якія ішлі з крамы з пакетамі прадуктаў і алкаголю. Яму прысудзілі "суткі", пасля адбыцця якіх Барадзін пакінуў Беларусь, сям'я змагла выехаць да яго толькі праз нейкі час.

У Беларусі ў яго была мэблевая фірма. У Ізраілі Алег Барадзін уладкаваўся цесляром. А калі на краіну напала групоўка "Хамас", пайшоў у валанцёры — дапамагаў пацярпелым і ізраільскім вайскоўцам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.