Справу праваабаронцы Марфы Рабковой перадаюць у суд

Марфа Рабкова / фота з сацсетак
Справа праваабаронцы Марфы Рабковай перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд, паведамілі ў мінскім УСК.
Па гэтай справе праходзяць 10 чалавек. Але затрыманыя толькі трое — двое мужчын і дзяўчына (31, 29 і 26 гадоў адпаведна). Астатніх шукаюць.
Паводле версіі следства, "нявысветленыя асобы пры непасрэдным удзеле траіх абвінавачаных у перыяд з 2005 па 2020 год для ажыццяўлення злачыннай дзейнасці... аб'ядналі шэраг арганізаваных злачынных груп". Гэтыя групы пасля былі "прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі, іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі забароненая". У СК лічаць, што "ўсе названыя аб'яднанні ўвайшлі ў склад міжнароднай злачыннай арганізацыі".
Сярод мэтаў гэтай арганізацыі, паводле версіі следства, было гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, захоп і ўтрыманне ўлады, распальванне сацыяльнай варожасці, арганізацыя масавых беспарадкаў і актаў вандалізму, перашкода законнай дзейнасці дзяржаўных органаў і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Ва УСК таксама адзначылі, што "следчымі ўстаноўлены факт дачынення 31-гадовага мужчыны і 26-гадовай дзяўчыны — кіраўнікоў злачыннай арганізацыі да падпалу падатковай інспекцыі Гомельскага раёна ў сакавіку 2017 года з выкарыстаннем так званых "кактэйляў Молатава". Паводле звестак следства, фігуранты былі арганізатарамі гэтага злачынства.
Акрамя таго, адзначаюць у СК, у следства ёсць доказы датычнасці фігурантаў "да пашкоджання ў 2016-2020 гадах банэраў з выявай праваахоўнікаў, фасадаў розных будынкаў, у тым ліку будынка Белтэлерадыёкампаніі, а таксама падпалу білборда ў Івацэвічах". А яшчэ яны адміністравалі тэлеграм-каналы, якія "заклікалі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".
У паведамленні СК фігуруе некалькі прозвішчаў людзей, якіх беларускія следчыя шукаюць, але пакуль не могуць знайсці. Гэта 26-гадовы Дзмітрый Ляўчук, 24-гадовы Артур Кандратовіч, 29-гадовы Раман Халілаў і Яўген Жураўскі. Дваіх з іх мінскія следчыя бачылі ў фотарэпартажах адной з акцыі пратэсту ў Польшчы ў верасні 2021 года і паспелі заўважыць, што хлопцы "дэманстравалі розныя матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, што падтрымлівае дзеянні асобы, якая ўчыніла забойства супрацоўніка КДБ". Тая акцыя была прысвечаная перастрэлцы ў мінскай кватэры, у якой загінулі супрацоўнік EPAM Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.

У дачыненні да ўсіх 10 фігурантаў крымінальнай справы "аб стварэнні злачыннай арганізацыі" , як яго называюць у СК, вылучаныя абвінавачванні па 10 артыкулах КК РБ:
ч. 1, 2 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй);
ч. 1, 2, 3 арт. 293 (масавыя беспарадкі);
ч. 1,3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці);
арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці);
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
ч. 2, 3 арт. 339 (хуліганства);
ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці);
ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў);
ч.3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
ч.1, 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.