Справа адвакатаў-хабарнікаў можа атрымаць працяг

Як паведаміла Еўрарадыё прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, двум сталічным адвакатам і дырэктару камерцыйнага прадпрыемства, затрыманым 26 верасня, выставілі абвінавачванне за “дачу хабару ў буйным памеры”. Цяпер следчыя разбіраюцца, што падштурхнула прадпрымальніка перадаваць грошы супрацоўнікам праваахоўных органаў.



Юлія Ганчарова: “Факт меркаваных супрацьпраўных дзеянняў супраць грамадзяніна (дырэктара камерцыйнага прадпрыемства. — Еўрарадыё), ён следствам запатрабаваны і вывучаецца. Калі будзе вывучаны, мы паведамім, што там было, які склад адміністрацыйнага ці крымінальнага правапарушэння альбо злачынства. А таксама — павінна была там быць распачатая крымінальная справа ці не павінна”.



Нагадаем, 26 верасня супрацоўнікі КДБ падчас атрымання хабару затрымалі загадчыцу і адваката юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна Мінска. У момант перадачы грошай быў затрыманы і пасярэднік — дырэктар адной з мінскіх фірмаў.



Як паведамляе Следчы камітэт, 10 тысяч долараў мусілі быць перададзеныя супрацоўнікам праваахоўным органам у якасці хабару. Нібыта за тое, каб праваахоўнікі пачалі крымінальную справу па факце супрацьпраўных дзеянняў на жыхара Мінска.



Такім чынам, зараз следства будзе разбірацца, ці было насамрэч гэта “супрацьпраўнае дзеянне”. А калі яно было, то чаму за тое, каб па ім распачалі крымінальную справу, мінчук вымушаны быў даваць хабар.



Фота — mediazavod.ru