СМІ: Галоўнага трэнера салігорскага “Шахцёра” адправілі ў адстаўку

СМІ: Галоўнага трэнера салігорскага “Шахцёра” адправілі ў адстаўку

Галоўнага трэнера салігорскага “Шахцёра” Алега Кубарава адправілі ў адстаўку. Разам з ім сыходзіць і трэнерскі штаб. Такое рашэнне, нібыта, прыняло кіраўніцтва “Беларуськалія”. Пра гэта піша “Прессбол”, які спасылаецца на свае крыніцы. На афіцыйным сайце клуба ніякай інфармацыі на гэты конт пакуль няма. Аднак сайт tribuna.com піша, што Кубараў пацвердзіў інфармацыю пра адстаўку.

Адстаўка Алега Кубарава можа адбыцца, нягледзячы на тое, што яго каманда лідыруе ў чэмпіянаце Беларусі. Прычына — няўдачы ў фінале Кубку нашай краіны (пройгрыш брэсцкаму “Дынама”) і ў кваліфікацыі Лігі Еўропы (“вылет” ужо у 1-м раўндзе пасля паражэння ад сціплай літоўскай “Судувы”).

Алегу Кубараву 51 год. Ён — ураджэнец Жодзіна. Быў футбалістам жодзінскага “Тарпеда”, “Маладзечна”, віцебскага “Віцязя”, іншых каманд Беларусі, а таксама Расіі, Казахстана, Польшчы. Трэнерскую кар’еру пачаў у 2001 годзе. Трэніраваў “Дарыду”, “Мінск”, жодзінскае “Тарпеда”, “Гомель”, “Зімбру” і “Дачыю” (Малдова), юрмальскі “Спартак” (Латвія). З “Шахцёрам” працаваў з канца мінулага года.