Следства: Крадзяжоў пры рэканструкцыі Купалаўскага тэатра не было
Следчы камітэт перакваліфікаваў абвінавачванне галоўнаму падазраванаму па справе аб буйным крадзяжы бюджэтных сродкаў пры рэканструкцыі.
Нагадаем, што ў 2013 годзе Камітэт дзяржкантролю выявіў факты раскрадання бюджэтных сродкаў пры закупцы мэблі ў рамках рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Паводле падлікаў КДК, бюджэт пераплаціў за мэблю для тэатра амаль паўмільярда рублёў. Так, напрыклад, дырэктарскае крэсла пацягнула на 41 мільён рублёў, а тумбачка сакратара — і ўвогуле на 58 мільёнаў рублёў. Пры гэтым мэбля дэкларавалася як беларускай вытворчасці, а на самай справе пастаўлялася звонку.
Крымінальную справу па крадзяжы пачалі на менеджара кампаніі "Белмашсэрвіс". Яму пагражала да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Дарэчы, і кіраўнік дзяржавы асабіста выказаў сваё абурэнне наконт рэканструкцыі Купалаўскага тэатра, ён абвясціў вымовы віцэ-прэм'еру Анатолю Калініну і былому міністру культуры, надзвычайнаму і паўнамоцнаму паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку.
Аднак нядаўна Следчы камітэт раптам перакваліфікаваў абвінавачванне па справе, піша інтэрнэт-газета "Ежедневник". Цяпер менеджара "Белмашсэрвісу" вінавацяць у прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу. Максімальны тэрмін паводле гэтага артыкула — толькі пяць гадоў і ўжо без канфіскацыі маёмасці.