Следчы камітэт пра бойку ў Брэсце: Там біліся грамадзяне Беларусі
Раней паведамлялася, што пабіліся беларусы з расійскімі армянамі. Адзін з удзельнікаў патануў, уцякаючы праз Мухавец.
Расследаваннем справы па факце бойкі ў брэсцкім клубе займаецца Следчы камітэт, інфармуе tomin.by.
Інцыдэнт пачаўся яшчэ 18 жніўня. Тады на вуліцы Савецкай у Брэсце на дыскатэцы пабіліся два хлопцы. Пасля бойкі яны вырашылі працягнуць высвятленне адносін. Дамовіліся сустрэцца на наступны дзень каля выратавальнай станцыі, побач з гарадскім пляжам.
На гэту сустрэчу маладыя людзі прыйшлі з сябрамі. Колькі было чалавек на баку кожнага з іх, невядома. У сацыяльных сетках паведамлялася, што біліся беларусы з прадстаўнікамі армянскай дыяспары з Расіі. Удзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек. Нібыта, армяне пачалі страляць з траўматычнай зброі. Прадстаўнікі процілеглага боку кінуліся ўцякаць праз Мухавец, адзін з іх не даплыў. На фотаздымках у сацыяльных сетках юнак зафіксаваны ў вопратцы з сімволікай расійскіх нацыяналістаў.
Брэсцкая міліцыя, аднак, кажа, што "людзей было ў пяць разоў менш, чым пішуць у інтэрнэце, і не ўсё з іх яшчэ апытаныя, таму дакладныя лічбы называць некарэктна". Усе ўдзельнікі былі грамадзянамі Беларусі, кажуць міліцыянты.
Хлопца, які патануў, пераплываючы Мухавец, шукалі тры дні. Міліцыя кажа, што слядоў цялесных пашкоджанняў у яго няма. Яго пахавалі 22 жніўня.
Фотакалаж — nn.by