Сіноптыкі: У нядзелю захаваецца вільготнае і негарачае надвор’е
Удзень будзе не болей за +23.
У бліжэйшыя суткі, 12 ліпеня, у Беларусі будзе хмарна з праясненнямі, месцамі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 метраў за секунду. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы, удзень у асобных раёнах навальніцы.
Вецер будзе паўночна-заходні ўмеркаваны, удзень парывісты, месцамі да моцнага.
Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 8-13 градусаў, удзень — 16-21, па паўднёвым захадзе да 23 градусаў вышэй за нуль, перадае БЕЛТА са спасылкай на Белгідрамет.