Сіноптыкі абвясцілі ў Беларусі на аўторак аранжавы ўзровень небяспекі
Галалёд, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА
У аўторак, 30 снежня, у Беларусі будзе воблачна з праясненнямі, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег. Удзень у асобных раёнах чакаецца слабая завіруха. На дарогах краіны прагназуецца галалёдзіца. Вецер будзе паўночна-заходні, заходні ўмераны, месцамі парывісты, удзень на захадзе краіны ў многіх раёнах — моцны парывісты, да 15-20 метраў за секунду. У сувязі з гэтым сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 3-9 градусаў ніжэй за нуль, удзень чакаецца -1...-7 градусаў.
У апошні дзень года будзе хмарна. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца снег. Уначы і зранку месцамі па краіне будзе завіруха, на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, заходні парывісты, уначы і зранку месцамі — моцны парывісты.
Тэмпература паветра на працягу сутак складзе 3-10 градусаў марозу, уначы па паўночным усходзе месцамі прагназуецца да 13 градусаў са знакам "мінус".