Сілавікі просяць даносіць на ўдзельнікаў акцый пратэсту ў трох гарадах

Сілавікі, ілюстрацыйнае фота
Тэлеграм-канал ГУБАЗіК папрасіў людзей дапамагчы апазнаць па фота ўдзельнікаў акцый пратэсту 2020 года ў Гродне. Крыху раней сілавікі такім жа чынам шукалі пратэстоўцаў у Баранавічах і Жодзіне.
Як заўважыла выданне "Зеркало", у канале сілавікоў з'явілася відэа мужчын, якія стаяць у счэпцы на адной з вуліц Гродна. У кадр трапілі твары дзясяткаў чалавек. Аператыўнікі абазначылі семярых, якіх яны спрабуюць ідэнтыфікаваць.
Праваабаронцы "Вясны" адзначаюць, што апошнім часам людзей сталі больш актыўна судзіць за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК — дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На думку праваабаронцаў, гэта можа быць звязана са сканчэннем тэрміну даўнасці па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым пераслед па арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) працягваецца.
Праваабаронцы сведчаць, што апошнія тыдні судовыя справы паводле арт. 342 КК пастаўленыя "амаль на канвеер".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.