Сілавікі хочуць, каб вы падаравалі ім свае дроны
Дрон / pixabay.com
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал прапануе беларусам падарыць свае дроны "Узброеным сілам і іншым вайсковым фарміраванням".
Беларусам прапануецца звязацца з "камандай валанцёрскага праекта" і расказаць, якую мадэль коптара яны хочуць падараваць.
Гэтая ініцыятыва звязаная з указам "Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лётных апаратаў". Ён быў падпісаны ў канцы верасня. Гэтым указам беларусам забаранілі ўвозіць і вырабляць дроны. А праз паўгода з моманту апублікавання ўказа — то-бок у лютым 2024 года — захоўванне дронаў таксама будзе забароненае. Гэта значыць, мяркуецца, што да гэтага часу беларусы мусяць пазбавіцца ад сваіх беспілотнікаў.