"Шукаю мужа-беларуса". Аб'ява ў фэйсбуку выклікала здзіўленне і фурор

Беларус

Беларус / Getty Images

У адной з фэйсбук-суполак беларусаў у Польшчы з'явіўся допіс:

"Добры дзень! Запыт у мяне дзіўны, але шчыры. Мяне клічуць Маша, украінка з Францыі. І я шукаю мужа-беларуса.

Чаму так:
За апошнія пару гадоў жыцця ў Еўропе, кожны раз кантактуючы з вамі, у самых розных аспектах жыцця, гэта заўсёды было вельмі па-чалавечы, проста, па-добраму, шчыра, прыстойна, прафесійна. Праўда!

Не ведаю, як вы гэта робіце, таму вырашыла, што гэта нешта нацыянальнае…”

За некалькі гадзін паведамленне сабрала дзясяткі каментароў.

Некаторыя мужчыны дзякавалі аўтару за цёплыя словы: "не часта можна сустрэць такія кампліменты", іншыя — з сумам адзначалі, маўляў "я вольны і гатовы, але зараз і так набяжыць "саранчы". Жанчыны з досведам папярэджвалі — "беларусы ўмеюць здавацца лепш, чым яны ёсць насамрэч. Будзьце асцярожны!", іншыя радаваліся — "добра, што вам трапляюцца менавіта такія людзі". На пытанне, ці гатовая Маша пераехаць у Польшчу з Францыі, калі сустрэне сваё каханне, Маша адказала, што гатова.

Улічваючы тое, што паведамленне было апублікавана ананімна (хоць у самім тэксце імя пазначана), сярод чытачоў знайшліся пільныя беларусы, якія абазвалі аўтара таварышам-маёрам.

На раніцу 14 чэрвеня пост знік, але з'явіўся новы, адпраўлены ўжо з адкрытага профіля:

"Добрай раніцы! Мяне клічуць Маша, і гэта я аўтарка выдаленага паста пра мужа-беларуса [дзяўчына ўлічыла заўвагу кагосьці з каментатараў і напісала гэтае слова на рускай мове праз літару "а". — Еўрарадыё]. Рада знаёмству ўжо асабіста).

Як бачыце, я не таварыш маёр. Звычайны чалавек, і з гумарам у мяне сапраўды ўсё ок.

Атрымала некалькі класных лістоў.
Мэта дасягнута. Дзякуй.

Усім дабра, у яго трэба верыць”.


На пытанне навошта трэба было выдаляць пост, дзяўчына адказала, што не чакала, што ён навядзе столькі мітусні і папрасіла прабачэння, што напісала паведамленне ананімна: "не ўлічыла кантэксту пра асцярогу датычна спецслужбаў і іншага".

“Ищу мужа-белоруса”. Объявление в фейсбуке вызвало удивление и фурор
Сообщения Марии в фейсбуке

На гэты раз большасць каментароў — пазітыўныя. Беларусы падтрымалі дзяўчыну за смеласць:

— Ты смелая і ведаеш чаго (напэўна, нават больш за каго) хочаш, а гэта таксама крута. Была б беларусам, прапанавала б сваю кандыдатуру.

— Здзіўлена, што дзяўчаты з такой знешнасцю вымушаны самі шукаць каханне. Удачы вам.

— Жадаю вам, Марыя, знайсці добрага беларускага мужа.

У адказах Маша паабяцала, што калі гэтая гісторыя скончыцца вяселлем, яна абавязкова напіша.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.