Беларусаў у Варшаве здымае фатограф-агент з двума пашпартамі — "Наша Ніва"

Фатограф Іван Мішчук 

Фатограф Іван Мішчук  / ivanmikphoto / Instagram

Фатограф Іван Мішчук, які актыўна здымае ў Варшаве палітуцекачоў, бізнес-форумы, палітычныя сходы, мае беларускі пашпарт прыкрыцця. Дакумент на імя Івана Мішына ён атрымаў у 2021 годзе, піша "Наша Ніва".

Гэта журналісты выдання выявілі пры кансультацыйнай дапамозе "Байпола" і з выкарыстаннем баз "Белпола".

Паведамляецца, што нарадзіўся Мішчук у 1986 у расійскім Уладзівастоку. Яго бацька служыў у авіяцыі і быў пераведзены ў Кобрын, дзе Іван і правёў дзяцінства.

У 2007-м хлопец скончыў кобрынскае ПТВ і пайшоў працаваць па рабочай спецыяльнасці на фабрыку цацак "Палессе". У 2010-м перайшоў у кампанію па вырабе стужак "Флексапак-Пол", у тым жа годзе адкрыў ІП, звязанае з дзейнасцю ў сферы вылічальнай тэхнікі.

Прыкладна з 2014 года Мішчук стаў займацца фатаграфіяй: здымаў вяселлі, рабіў аматарскія фотасесіі. Некаторыя работы Размяшчаў у сваім акаўнце "Вконтакте". З 2015-га стаў прэзентаваць сябе як фатографа.

У Польшчу ён выехаў па гуманітарнай візе.

5 лютага 2021 года ў дадатак да асноўнага пашпарта на імя Івана Валер'евіча Мішчука вясельны фатограф атрымаў ад спецслужбаў дакумент аператыўнага прыкрыцця на імя Івана Валер'евіча Мішына.

Як нагадвае НН, такі дакумент можа выдаваць адна з беларускіх спецслужбаў для выканання канкрэтнай аператыўнай задачы. Такі пашпарт аператыўнага прыкрыцця, як выявілі журналісты, меў разведчык Аляксей Лабееў (ён жа — Аляксей Гардзееў) — каханак Анжалікі Мельнікавай.

Беларусаў у Варшаве здымае фатограф-агент з двума пашпартамі — "Наша Ніва"
Іван Мішын (злева) і Іван Мішчук (справа). Фоты з АІС "Пашпарт" атрыманыя з дапамогай "Белпола"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.