Што было б у Беларусі, калі б не Першая сусветная? Адказвае гісторык

Кадр з фільма "На заходнім фронце без зменаў"
Еўрарадыё ўзгадала, што сёння — гадавіна пачатку Першай сусветнай вайны. Але ўзгадалі мы гэты цалкам выпадкова. І задаліся пытаннем: а чаму выпадкова? Чаму мы так мала гаворым пра тую вялікую вайну?
На нашыя пытанні пра Першую сусветную вайну адказвае гісторык і аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Чаму мы мала гаворым пра Першую сусветную?
— Першая сусветная вайна не знаходзіцца ў фокусе ўвагі менавіта праз Другую сусветную. Маштаб разбурэнняў, колькасць ахвяраў, спробы знішчэння цэлых этнічных і рэлігійных груп — усё гэта выцесніла Першую сусветную з культуры памяці.
Нават у той час, калі яшчэ былі жывыя людзі, што перажылі першую вайну, яна ўжо ўспрымалася менавіта як частка гісторыі, якая прывяла да Другой сусветнай. І такое стаўленне захавалася да сённяшняга моманту. Жахі Другой сусветнай выцеснілі жахі Першай. У пэўным сэнсе гэта забытая вайна.
Гэтай вайны магло б не быць?
— У Еўропе напачатку ХХ стагоддзя ўсе буйныя гульцы гэтага свету пажадалі вырашыць існаваўшыя супярэчанні ваенным шляхам. Не было краінаў, якія не жадалі той вайны. Пытанне было толькі ў тым, хто хацеў яе болей і хто пачне першым.
Германія і Аўстрыя вырашылі пачаць першымі, бо разумелі, што час гуляе супраць іх, што з часам будуць узмацняцца Францыя, Англія і Расійская імперыя. Але самі Англія, Францыя і Расія міратворчым духам таксама не вызначаліся.
Чым была Беларусь да Першай сусветнай?
— Да Першай сусветнай вайны Беларусь была часткай Расійскай Імперыі. І сітуацыя была складанай. Хоць царскі ўрад і праводзіў рэформы, але ў Беларусі заставалася вялікая колькасць нявырашаных праблем.
Можна сказаць, што 1914-15 гады сталі пачаткам вельмі турбулентнага эпізоду беларускай гісторыі. Гэты эпізод скончыўся Рыжскай дамовай і падзелам Беларусі, а ў пэўным сэнсе расцягнуўся нават да канца Другой сусветнай вайны.
Што адбывалася на тэрыторыі Беларусі падчас Першай сусветнай?
— Ад пачатку было зразумела: гэта тэрыторыі на заходніх рубяжах імперыі, і, значыць, Беларусь стане эпіцэнтрам падзеяў. На пачатковым этапе царская армія паказала сябе вельмі слаба, а нямецкі наступ быў досыць паспяховы. І ўжо ў 1915 годзе значная частка Беларусі была захопленая нямецкімі войскамі, а ў 1918 годзе яе захапілі ўжо цалкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.