Што будзе з "Яндэкс Таксі" ў Беларусі?
"Яндэкс Таксі" / "Яндекс"
Кампанія "Яндэкс Go" павінна будзе аформіцца ў Беларусі і размесціць на тэрыторыі рэспублікі свае серверы, калі "Яндэкс Таксі" хоча і далей вазіць пасажыраў, вынікае са словаў міністра транспарта і камунікацый Беларусі Аляксея Ляхновіча.
Як ён кажа, "Яндэкс" пакуль не выканаў гэтых патрабаванняў.
"Цяпер, пэўна што, даведаліся, што рыхтуюцца адпаведныя дакументы, пачалі паволі пераводзіць серверы і ствараць юрыдычныя асобы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", – дадаў ён, выступаючы ў эфіры "Беларусь 1".
У сярэдзіне лістапада ў Беларусі абмяркоўваўся праект указа, які закране інтэрнэт-агрэгатары ў сферы пасажырскіх перавозак. Па праекце яны павінны размесціць свае інфармацыйныя сістэмы на тэрыторыі Беларусі. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб гэта норма запрацавала ўжо да новага года.