“Шоу на 9 траўня — здрада тым, хто загінуў”, — чэмпіён свету Сцяпан Папоў

Чэмпіён свету і Еўропы па самба Сцяпан Папоў са здымкам дзеда Мікалая (удзельніка ВАВ)

Чэмпіён свету і Еўропы па самба Сцяпан Папоў са здымкам дзеда Мікалая (удзельніка ВАВ) / fecebook.com

— Чым мацней звіняць медалі, тым цішэй чуваць голас тых, хто сапраўды ваяваў, — каментуе пампезныя парады да 9 траўня чэмпіён свету і Еўропы па самба Сцяпан Папоў. Беларус нагадвае, што ўрозных краінах света канец Вялікай Айчыннай вайны адзначаецца як дзень памяці і цішыні.

— У Расіі зноў апранаюць дзяцей у форму, гоняць тэхніку па вуліцах, псуюць асфальт і галовы. Але і ў Беларусі — тое самае. І гэта асабліва балюча. Бо беларусы, украінцы і расіяне тады [у гады Вялікай Айчыннай вайны. — Еўрарадыё] ішлі плячо ў плячо. І тое, што сёння гэтая памяць пераўтворана ў шоу — гэта здрада тым, хто загінуў.

Вайна — гэта трагедыя, а не падстава казаць “які я малайчына”. Перамога была агульнай, але страты былі асабістыя — у кожнай сям’і. І сярод тых, хто ваяваў, былі не героі парадаў, а людзі, якія хацелі толькі аднаго — каб гэта больш ніколі не паўтарылася.

Я ўпэўнены, што мае дзяды не за тое змагаліся, каб сёння ўлада, якая ладзіць парады, не давала жыць іх праўнукам на роднай зямлі. Бо калі нацызм сыходзіць, а сталінізм застаецца — гэта не Перамога. А калі перамога над фашызмам становіцца толькі нагодай для новага гвалту — яна ператвараецца ў горкі напамінан: зло можа быць рознае, але сутнасць яго адна. І яно можа прыходзіць пад любымі сцягамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.