Шлях самалётам да Вільні зойме тыя ж 4 гадзіны, што і на аўтобусе
Хаця сам палёт укладзецца ў 40 хвілінаў.
Газета "Комсомольская правда в Беларуси" падлічыла, ці ўдасца зэканоміць час на авіяпералёце ў Вільню. Атрымалася, што дарога зойме ўсе 4 гадзіны — з улікам часу на трансфер і рэгістрацыю, якая пачынаецца за 2 гадзіны да вылету. У дарогу журналісты ўключылі і час паездкі з Мінску да Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", які знаходзіцца за 42 км ад сталіцы.
Тыя ж 4 гадзіны займае дарога аўтобусам, але каштуе яна амаль утрая танней. Калі ж дабірацца да Вільні цягніком, шлях зойме ад 2,5 да 4,5 гадзіны.
Як паведамляла Еўрарадыё, з 19 снежня ў Вільню з Мінску восем разоў на тыдзень будзе лятаць самалёт. Квіток у абодва бакі будзе каштаваць ад 62 еўра.
Фота — wikipedia.org