"Шахед", які заляцеў у Літву з Беларусі, выявіўся самаробным самалёцікам

Мяжа Літвы і Беларусі / LRT
Літоўскія СМІ 10 ліпеня паведамілі, быццам на тэрыторыю краіны з Беларусі заляцеў ударны дрон "Шахед", якія Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. Паведамлялася таксама, што спікер Сейма Літвы Саўлюс Сквярняліс быў тэрмінова эвакуяваны ў сховішча.
Аднак літоўскія памежнікі ўдакладнілі, што гэта быў некі лятальны сродак, "падобны да самаробнага самалёціка", піша LRT.
Здарэнне зафіксавалі памежнікі заставы Кена ў Віленскім раёне каля 11:30. Лятальны сродак прыбыў з Беларусі і зваліўся на зямлю. Самалёцік зваліўся недалёка ад закрытага кантрольна-прапускнога пункта Шумскас, прыкладна за кіламетр ад мяжы з Беларуссю. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён выраблены з фанеры і пенапласту.
Памежнікі ўдакладняюць, што аб'ект не ўяўляе ніякай пагрозы.
Магчыма, гэта нейкае прыстасаванне кантрабандыстаў, хаця інфармацыі пра перавозку грузу гэтым самалёцікам няма.
Апошнім часам літоўскія памежнікі нярэдка фіксуюць выпадкі, калі з Беларусі ў Літву спрабуюць пераправіць кантрабандныя цыгарэты з дапамогай дронаў, паветраных шароў, а таксама самаробных лятальных сродкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.