Севярын Квяткоўскі — пра цуд самаарганізацыі ў 2020 годзе

Пратэсты ў Беларусі ў 2020 / AP
Чаму за пяць гадоў не напісаная хоць бы кароткая гісторыя беларускага 2020 года? Ёсць навуковыя манаграфіі, вядомыя адно ў акадэмічных колах, але папулярная версія пакуль так і не зробленая. Няма каму заказаць: дзяржаўная сістэма захопленая злачыннай групоўкай. Партыйнае дэмакратычнае жыццё не магчымае. А на энтузіязме маштабныя рэчы робяцца доўга.
Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду “Belarus 2020”.
Цягам усяго 2020 года адбылося столькі падзеяў, важных для калектыўнага асэнсавання, што нават спрактыкаваным людзям – аналітыкам, аглядальнікам – усё яшчэ цяжка вылучыць галоўнае, на чым варта сканцэнтравацца найперш.
Незадоўга да выбараў 2020 года мы з сябрамі адпачывалі на байдарках на рацэ Шчары ў Гарадзенскай вобласці. Адзін з нашай каманды ўзяў БЧБ-сцяг на човен. "Жыве Беларусь!" – мы чулі практычна ўвесь час падарожжа. Калі адбыўся той момант, калі людзі не толькі захацелі пераменаў, але і радасна рушылі наперад новай рэальнасці?
На маё меркаванне, пералом пачаўся, калі людзі штодня сталі адчуваць, што яны не самотныя, што маюць аднадумцаў. Пад’езд, двор, вуліца, раён. Пазней праз тэлеграм-чаты зладзіцца аб’яднанне людзей у самастойныя структуры.

Калі адказваць на пытанне, з чаго пачынаць у выбудове калектыўнай карціны 2020 года, то я прапаную з самаарганізацыі. Яна была і застаецца беспрэцэдэнтнай па маштабе, хуткасці і якасці. Прынамсі, для аўтарытарнай дзяржавы ў гісторыі Еўропы.
Рэжым паклаў столькі высілкаў, каб атамізаваць грамадства, што паўстанне аўтаномных груп пратэстоўцаў выглядала проста цудам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.