"Беларусь XXI стагоддзя: пачатак". Піша Севярын Квяткоўскі

Пратэсты ў Мінску ў 2020-м

Пратэсты ў Мінску ў 2020-м / Unsplash

Калі мы не напішам сваю гісторыю, за нас яе ніхто не напіша. Больш за тое, свядомасць напоўніцца фрагментамі новых падзеяў, і калі не будзе арыенціраў, якія аднаўляюць памяць, беларускі 2020 год можа знікнуць ва ўрыўках чужых — і не заўсёды спрыяльных беларусам — інтэрпрэтацый

Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду “Belarus 2020”.

"Станцыя метро Тарайкоўскага", "плошча Бандарэнкі", "праспект Герояў Стэлы", "вуліца Абаронцаў “Рыгі”". Гэта я толькі пра Мінск, а падобныя знакавыя назвы магчымыя практычна ў кожным горадзе Беларусі. Арыенціры, якія мусяць з’явіцца.

Навукоўцы фіксуюць і аналізуюць. Творцы — папулярызуюць. Што канкрэтна? За пяць прамінулых гадоў у свабодным беларускім грамадстве, лічы — у эміграцыі, так і не адбылося шырокай грамадскай дыскусіі на тэму, якая адказвае на пытанне: "Што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе?"

Хтосьці фіксуецца выключна на мірным характары пратэстаў, ігнаруючы, што першыя чатыры дні і тры ночы былі насычаныя сілавой самаабаронай пратэстоўцаў. Хтосьці справядліва адзначае важны жаночы фактар развіцця падзеяў, але ігнаруе сацыяльны і, вядома, нацыянальны. Хтосьці наагул адмаўляе рацыянальнасць грамадскага, нават грамадзянскага, выбуху. А хтосьці ўсё спрабуе давесці, што рэвалюцыі трэба рабіць інакш.

Пяць гадоў — ці шмат? Асабіста я толькі праз чатыры змог больш-менш без эмоцый аналізаваць тыя бясконцыя тысячы ўражанняў, атрыманых толькі за першыя чатыры месяцы актыўнай фазы Беларускай рэвалюцыі. Рэвалюцыі свядомасці цэлага грамадства.

"Беларусь XXI стагоддзя: пачатак". Піша Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Расійскія прапагандысты прайграюць у Беларусі што да падзеяў 2020 года. Бо ўсе ўсё бачылі, а аграмадная доля людзей удзельнічала ў беспрэцэдэнтным па маштабе яднанні, якое завецца і грамадзянскай супольнасцю, і наддзяржаўнай нацыяй — прататыпам чалавечай самаарганізацыі будучыні.

Беларусы пакуль не ўсведамляюць, наколькі наперад скокнулі ў сваім самаразвіцці. Мы па звычцы ўсё яшчэ азіраемся на іншых, хоць можам быць прыкладам. "Апошнія стануцца першымі".

Варта пачынаць і саманаліз і самапрэзентацыю — сабе і людзям.

***

Гэты тэкст — меркаванне аўтара, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме — пішыце на [email protected] з пазнакай "Меркаванне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.