СБУ прыйшла з "мерапрыемствамі" на ўкраінскія аб'екты Маскоўскага патрыярхату
Прадстаўнікі ўкраінскіх спецслужбаў на тэрыторыі храма / @SBUkr
Служба бяспекі Украіны праводзіць "контрвыведніцкія мерапрыемствы" на аб'ектах Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага патрыярхату), расказалі ў прэс-службе СБУ. Ператрусы праходзяць у цэрквах і манастырах у 9 абласцях краіны.
Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца "ў тым ліку для недапушчэння выкарыстання рэлігійных суполак як ячэйкі "рускага свету", патлумачылі ў СБУ. Акрамя таго гэта робіцца, каб "засцерагчы насельніцтва ад правакацый і тэрарыстычных актаў".
У прысутнасці і пры ўдзеле царкоўных дзеячаў прадстаўнікі СБУ праводзяць агляд тэрыторыі і памяшканняў (у тым ліку гасцініц). Яны шукаюць асоб, якія могуць быць датычныя да супрацьпраўнай дзейнасці супраць дзяржаўнага суверэнітэту Украіны, а таксама шукаюць прадметы, забароненыя да абароту.
Гэтымі днямі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў санкцыі супраць сямі дзеячаў Украінскай Праваслаўнай Царквы. У санкцыйны спіс трапілі у тым ліку і чатыры мітрапаліты . "Мы робім усё для таго, каб дзяржава-агрэсар не мела ні адной нітачкі, за якую яно магло б тузаць ўкраінскае грамадства", — патлумачыў тады сваё рашэнне Зяленскі.