Самалёт прэзідэнта Літвы не мог сесці ў Вільні праз дрон у паветры

Самалёт прэзідэнта Літвы не мог сесці ў Вільні / калаж DELFI
Увечары 2 верасня самалёт прэзідэнта Літвы, які вяртаўся з Хельсінкі, не мог сесці ў аэрапорце Вільні.
Самалёт Spartan з Гітанасам Наўседам на борце зрабіў некалькі кругоў вакол Вільні, бо ў паветры быў выяўлены беспілотнік. "Пілоты прынялі ўсе меры бяспекі і праз нейкі час здзейснілі пасадку", — паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Томас Бяржынскас.
Самалёт Наўседы вылецеў з Хельсінкі ў 19:10, а прызямліўся ў Віленскім аэрапорце ў 21:17. Ён правёў у паветры прыкладна на паўгадзіны болей, чым звычайна займае такі палёт.
На наступны дзень Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы абвясціла, што дрон быў запушчаны з рэкламнай мэтай.
"Паводле апошніх даных Міністэрства транспарту і камунікацый, дрон быў запушчаны ў рэкламных мэтах, без выканання вызначаных тэрмінаў. Абставіны інцыдэнту ў цяперашні час расследуюцца адказнымі службамі. Грамадскасць будзе неадкладна паінфармаваная па меры паступлення новай інфармацыі", — цытуе LRT паведамленне ведамства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.