Рэжым Лукашэнкі гатовы завезці ў Беларусь да 150 тысяч пакістанцаў

У РБ чакаюць спецыялістаў з Пакістана / Reuters
Рэжым Лукашэнкі гатовы завезці ў Беларусь да 150 тысяч пакістанцаў. Пра гэта ішла гаворка на перамовах у Мінску з прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам.
"Мы таксама дамовіліся з маім сябрам прэм'ер-міністрам Пакістана, што ў бліжэйшы час будуць накіраваны спецыялісты розных галін, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Тых галін, пра якія мы папросім. І кіраўніцтва Пакістана дапаможа нам падабраць такіх людзей. Хай гэта будзе 100 тысяч, можа быць, 120-150 тысяч гэтых спецыялістаў. Мы гатовыя прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для працы".
Лукашэнка, у прыватнасці, згадаў тэкстыльнае прадпрыемства ў Баранавічах. Там ужо чакаюць прыбыцця пакістанцаў-"спецыялістаў у тэкстыльнай прамысловасці".
У Беларусі ў красавіку шукаюць 196 тысяч працаўнікоў. Паводле звестак Дзяржаўнай службы занятасці, найбольшы дэфіцыт кадраў — у Мінску. Праз рэпрэсіі за мяжу з'ехалі сотні тысяч беларусаў. Рэжым Лукашэнкі спрабуе замяніць іх замежнікамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.