Рэйс "Мінсктранса" з Вільні ў Мінск не прапусцілі праз мяжу

Аўтобус "Мінсктранса" рэйса Мінск — Вільня — Каўнас / Grenadier_Thomas, fotobus.msk.ru
Пасажыры, якія ехалі з Вільні ў Мінск увечары 13 жніўня на аўтобусе "Мінсктранса", нечакана былі спыненыя на мяжы.
Ад пачатку гэтага тыдня Літва істотна абмежавала колькасць аўтобусных рэйсаў на маршруце Мінск — Вільня. Кампанія "Мінсктранс" абвясціла, што скарачэнні рэйсаў адбудуцца толькі 14 жніўня. Але праблемы пачаліся ўжо ў пасажыраў, якія ехалі ў Мінск увечары 13 жніўня.
У каментары выданню "Зеркало" беларуска Наталля расказала, што аўтобус выехаў з Вільні ў адпаведнасці з раскладам. На мяжы перад ім было яшчэ два аўтобусы, у выніку ў чарзе пасажыры прастаялі каля трох гадзін.
"Потым аўтобус перад намі (таксама "Мінсктранса") развярнулі ў бок Літвы. Ніхто не ведаў, у чым справа. Мы прастаялі яшчэ, а потым развярнулі і нас. Прычына, як нам сказалі, у тым, што "Мінсктранс" перавысіў квоту перавозчыка. Пасля кіроўца паведаміў, што 16 чалавек могуць забраць [далей], але гэта перасадка ў іншы аўтобус [які прапусцілі праз мяжу], і яна не бясплатная. Пайшлі пажылыя і сем'і з дзецьмі", — згадвае жанчына.
Некаторыя пасажыры папрасіліся, каб іх узялі з сабой кіроўцы легкавікоў, якія ехалі праз мяжу. Аднак большая частка пасажыраў засталася ў аўтобусе, і кіроўца павёз іх у Вільню.
На гарачай лініі "Мінсктранса" пасажырцы сказалі, што пра сітуацыю ведаюць, але зрабіць нічога не могуць. І параілі шукаць іншыя аўтобусы. Таксама ў кампаніі сказалі, што грошы за квіток вярнуць адразу таксама не могуць.
Беларусцы пашанцавала: яна змагла выехаць з Вільні аўтобусам іншага перавозчыка: туды не прыйшлі пасажыры. Праўда, давялося купіць новы квіток. Уся дарога, па словах жанчыны, заняла 15 гадзін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.