Літва патлумачыла, чаму ўрэзала колькасць аўтобусных рэйсаў у Беларусь

Аўтобус "Мінск-Вільня"

Аўтобус "Мінск-Вільня" / Еўрарадыё

Літва абмежавала колькасць міжнародных аўтобусных маршрутаў, якія ездзяць у Беларусь і з Беларусі ў сувязі з пастановай урада аб надзвычайным становішчы. Пра гэта карэспандэнтцы Еўрарадыё распавялі ў Літоўскай адміністрацыі транспартнай бяспекі (LTSA).

“Колькасць міжнародных аўтобусных маршрутаў абмежавана 29-ю. Па кожным маршруце дапускаецца толькі адзін рэйс у кожным кірунку на адным аўтобусе. Гэта новае правіла: старыя дазволы дапускалі большую колькасць рэйсаў, і яны будуць дзейнічаць да заканчэння тэрміну іх дзеяння", — распавялі ў адміністрацыі.

Надзвычайнае становішча было ўведзенае на ўсёй тэрыторыі Літвы 24 лютага пасля нападу Расіі на Украіну. Першапачаткова яно павінна было дзейнічаць да 29 чэрвеня ўключна, але з тых часоў некалькі разоў прадаўжалася па ўсіх участках мяжы Літвы з Расіяй і Беларуссю.

 

Беларусаў папрасілі здаць квіткі

Учора чытачы Еўрарадыё падзяліліся паведамленнем ад перавозчыка Eurolines. У ім гаварылася, што квіткі па маршруце "Мінск-Вільня" давядзецца здаць, рэйс не будзе выкананы. Грошы за квіток абяцалі вярнуць.

Пазней высветлілася, што перавозчык скасаваў 10 з 13 сваіх рэйсаў з Вільні ў Мінск і з Мінска ў Вільню. У профільных тэлеграм-каналах меркавалі, што ў кампаніі праблемы з дакументамі. Пасля таго, як некалькі аўтобусаў не змаглі прайсці мяжу, Eurolines адмяніў і іншыя рэйсы.

Пры гэтым 12 жніўня тры рэйсы ўсё яшчэ павінны былі адбыцца, і гэта зусім заблытвала сітуацыю. Людзі нават пачалі дзяліцца здагадкамі, што прычына адмены рэйсаў у вучэннях "Захад-2025" або вучэннях, якія прама цяпер праводзіць літоўскі бок.

Але адказ Літоўскага агенцтва спыняе спекуляцыі на гэтай тэме. Цяпер у памежным пункце Мядзінінкай штодня перасякаюць мяжу 44 аўтобусы — па 22 у кожным кірунку. У Шальчынінкай — 18 аўтобусаў — па 9 у кожным напрамку".

Калі LTSA заўважыла, што колькасць аўтобусаў, якія перасякаюць мяжу, перавышае дапушчальную, тады перавозчыкам было рэкамендавана прытрымлівацца дазволаў.

"Падобна на тое, гэта папярэджанне спрацавала — колькасць аўтобусаў скарацілася да дапушчальнага ўзроўню", — кажуць у ведамстве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.