У сувязі з прыездам Лукашэнкі ў Бярозу журналістку не выпускаюць з хаты

Па папярэдніх дадзеных, ён наведае камбінат сілікатных вырабаў, які некалькі гадоў таму выкупіў усяго за 380 мільёнаў бізнесовец Юры Чыж, а таксама верагодна — раённую лякарню. Затым у Лядовым палацы кіраўнік краіны згуляе ў хакей.
Тэхніка ЖКГ выйшла чысціць галоўную вуліцу Леніна ад пяску 6 красавіка з 4.00 раніцы. Па абедзе ўчора ў горадзе ўжо было поўна міліцыі і спецслужбаў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Прыезд Аляксандра Лукашэнка прынёс нязручнасці для праваабаронцы і журналісткі Тамары Шчапёткінай. 6 красавіка а 20.00 да яе ў кватэру завітаў маёр Бярозаўскага РАУС, які папярэдзіў аб тым, каб 7 красавіка яна не выходзіла з дому. На пытанне журналісткі, што будзе, калі яна не паслухаецца, Тамара Шчапёткіна пачула адказ: “Вас забяруць”.