Лукашэнка ўжо не цікавіць, з кім урад будзе будаваць АЭС

На нарадзе з новым складам урада ён заявіў: "Вы зацягнулі гэты праект. Урэшце, з кім вы будзеце будаваць - мяне ўжо сёння гэта мала цікавіць: кітайцы, карэйцы, французы, расіяне. Але працу трэба пачынаць".

Тым часам, праблема ў тым і складаецца, што, акрамя як з расіянамі, гэту працу пачынаць няма з кім. Паколькі грошай на АЭС у Беларусі няма, а будаваць на ўласны ж крэдыт прапануюць толькі расіяне. Пра ўмовы падавання такога крэдыту, яго суме і парадку пагашэння перамовы працягваюцца дагэтуль.

Як заяўляў у канцы студзеня старшыня дзяржкарпарацыі "Росатом" Сяргей Кірыенка, расійска-беларускую дамову пра супрацоўніцтва ў будаўніцтве АЭС плануецца падпісаць на працягу першага квартала 2011 г. Дадзены дакумент будзе падпісаны ў звязцы з міжурадавай дамовай пра паралельную працу энергасістэм РФ і Беларусі.