Дзярждэпартамент ЗША: ЗША не выяўляла падтрымкі Беларусі ў сувязі з АЭС
Памочнік дзяржсакратара ЗША заявіла, што Абама падтрымаў развіццё ядзернай энергетыкі ў цэлым, маючы на ўвазе праекты, якія адпавядаюць патрабаванням МАГАТЭ
Адміністрацыя ЗША не выяўляла падтрымкі планам Беларусі па будаўніцтве АЭС, заявіла памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях кантролю над узбраеннямі Роўз Геттэмюлер на сустрэчы з літоўскімі парламентарыямі ў Вільні.
Як паведаміў БелаПАН старшыня камісіі сойма па ядзернай энергетыцы Рокас Жылінскас, у адказ на пытанне, чаму адміністрацыя ЗША выказала сваю падтрымку праекту беларускай АЭС, які рэалізуецца з парушэннем міжнароднага заканадаўства і ва ўмовах недэмакратычнага прыняцця рашэнняў, памочнік дзяржсакратара ЗША заявіла, што прэзідэнт ЗША Барак Абама падтрымаў развіццё мірнай ядзернай энергетыкі ў цэлым, маючы на ўвазе праекты, якія выконваюцца ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі МАГАТЭ.
Нагадаем, пра пазіцыю ЗША па пытанні будаўніцтва ў Беларусі АЭС было заяўлена на сустрэчы кіраўнікоў МЗС дзвюх краін 1 снежня 2010 года ў Астане, дзе праходзіў саміт АБСЕ. "ЗША падтрымліваюць гэту дзейнасць, якая ўключае працэс праектавання і будаўніцтва надзейнай і бяспечнай станцыі, якая дзейнічае ў адпаведнасці з гарантыямі МАГАТЭ. ЗША таксама падтрымліваюць высілкі Беларусі па магчыма хуткай рэалізацыі гэтага камерцыйнага праекта", — паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі па выніках перамоў Сяргея Мартынава і Хілары Клінтан.
Фота: energobelarus.by