Разбілі руку палкай, каб адпусціў агароджу: як затрымлівалі мужчыну на Нямізе

Затрыманне на Нямізе 8 лістапада 2020 года / "Радыё Свабода"
Затрыманне на Нямізе 8 лістапада 2020 года / "Радыё Свабода"

Відэа, у якім сілавікі нясуць за рукі і за ногі пажылога мужчыну, разляцелася па сацыяльных сетках. "Госпадзе, што вы робіце? Са зламанай рукой чалавек!" — абураецца нехта за кадрам. Еўрарадыё даведалася, што мужчыну завуць Аляксандр Тамашэвіч. Яму 63 гады. Раней ён працаваў выкладчыкам у каледжы, цяпер разам з жонкай Людмілай трымае харчовую крамку ў Дзяржынску і з'яўляецца старшынёй спартыўнай ветэранскай арганізацыі.

У нядзелю, 8 лістапада, сям'я рабіла пакупкі ў Мінску. Жонка з дачкой хадзілі па гандлёвым цэнтры на Нямізе, 3. Аляксандр чакаў родных на мосце і заступіўся за хлопца, якога якраз затрымлівалі людзі ў чорным.

"Яго кінулі аб зямлю, сталі біць. Муж стаў крычаць: "Што вы робіце? Што вы робіце? Як вам не сорамна?!" — расказвае Еўрарадыё пра тое, што здарылася, Людміла. Пасля гэтага невядомыя ўзяліся за Аляксандра.

— Муж трымаўся рукамі за агароджу, яны яго цягнулі, разбілі руку палкай, каб ён адпусціў агароджу. Дзяўчаты, якія бачылі ўсё на свае вочы, расказалі, што было вельмі шмат крыві, разбітую руку перавязалі сваім бінтам. Яны яго спрабавалі цягнуць — ён супраціўляўся. Чаму ён павінен з імі ісці, калі нічога дрэннага не зрабіў? Напэўна, яны ўспрынялі гэта як непадпарадкаванне. Ён крычаў: "За што? За што?" Мы выйшлі, калі яго ўжо цягнулі. З мужа зляцелі красоўкі, я ішла з красоўкам ззаду. Мы казалі: адпусціце, але гэта было нерэальна. Яны яго неслі па "балконе" другога паверха. Калі завярнулі, побач не было людзей. Мужа паклалі на зямлю і прыціснулі каленямі. Мабыць, каб ён супакоіўся, таму што ў яго была істэрыка. Павялі далей. Я казала, што ён можа сам ісці, а яны яго неслі за рукі і за ногі. Потым і ён сказаў, што можа ісці сам. Ішоў басанож, красоўкі абуць не далі. Там і ногі былі ў крыві, бо з рукі цякло, і твар разбіты.

На пытанне, дзе шукаць мужа, Людміле адказалі, што яго павязуць у Цэнтральнае РУУС. Але там Аляксандра не аказалася. Пасля доўгіх пошукаў па аддзяленнях міліцыі Аляксандр знайшоўся ў Савецкім [па сацсетках хадзіла фота і відэа з затрыманымі, якіх шмат гадзін трымалі там у двары з паднятымі рукамі каля сцяны. — Еўрарадыё].

А потым Людміле сказалі, што ўсіх затрыманых павезлі ў Жодзіна, і яна з раніцы дзяжурыць каля ізалятара.

"І вось мы тут. Не спалі ўсю ноч. Чакаем суда, але стаадсоткавай гарантыі таго, што муж тут, няма. Тут столькі машын, што ўсе не змяшчаюцца. ДАІ ганяюць — уся дарога занятая", — працягвае суразмоўніца. Па яе словах, адваката да затрыманага не пусцілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.